Берасцейцы супраць заводу: «Дай Бог, каб праектыроўшчыкі паспелі збегчы з гораду Берасця»


А мы пераносімся ў Берасце, дзе мясцовыя жыхары ўжо амаль год змагаюцца з будаўніцтвам акумулятарнага заводу «АйПауэр». Сёння прадстаўнікі ініцыятыўнай групы супраць патэнцыйна шкоднай вытворчасці правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой агучылі вынікі незалежных эксперыментаў.

Удзельнікі канферэнцыі распавялі, што маюць доказы аб несупадзенні першапачатковых звестак і тых, што былі атрыманыя падчас гэтай працы. А ўлады не даюць актывістам азнаёміцца з вынікамі экалагічнай экспертызы. Пра народнае змаганне з патэнцыйна шкоднай вытворчасцю размаўляем з праваабаронцам Раманам Кісляком:

«Уладам цяжка прызнаць свае памылкі. У рэчаіснасці гэтая дзейнасць (адкіды) мала кантралявалася і ўвогуле экалогія. І вось дзякуючы пратэсту ў Берасці і іншых гарадах, актывісты звярнулі ўвагу на гэтыя праблемы. Чыноўнікі выкручваюцца і махлююць. Людзі самыя засталіся з гэтай праблемаю. Па сутнасці, мы павінныя прымусіць чыноўнікаў выконваць закон…»

5 снежня ініцыятыўная група спаткалася з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худым. Ён паабяцаў, што калі з заводам будзе нешта не так, яго не адчыняць. Аднак ці ёсць давер? Каментуе актывістка Ірына Аўдзеева:

«Запэўніваюць, што ўсё будзе добра, бяспечна, але няма ўпэўненасці, няма да гэтага даверу, таму што мы грунтуем нашае меркаванне на фактах. Мы бачым, якая сітуацыя дзеецца ў Гомлі, Добрушы. Там таксама запэўнівалі, што ўсё будзе добра, што адбылася дзяржаўная экалагічная экспертыза, але людзі чамусьці мачаюцца, жывучы побач з гэтымі прадпрыемствамі. І канешне ж мы перасцерагаемся».

Ці прыслухаліся ўлады да заўвагаў, якія скіравалі мясцовыя жыхары? Давайце паслухаем адказ прадстаўніка ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПауэр» ля Берасця Дзмітрыя Бекалюка:

«Мы ўпэўненыя, што нашыя факты не былі заўважаныя, бо каб яны былі заўважаныя, не было б праблемаў прадставіць нам заключэнне экалагічнай экспертызы і самае галоўнае – паказаць нам разлікі і пашпарты на тэхніку, якая будзе забруджваць…»

belsat.eu