Берасцейцы хочуць рэферэндум па справе «атрутнага» заводу


Быць ці не акумулятарнаму заводу побач з Берасцем? – пытанне на рэферэндум… Праціўнікі будаўніцтва шкоднай вытворчасці ствараюць групу, якая зоймецца зборам подпісаў дзеля ініцыявання народнага галасавання. На збор подпісаў у ініцыятыўнай групы будзе 2 месяцы. Акцыя завершыцца поспехам, калі ЗА падпішуцца 10% мясцовых грамадзянаў з выбарчым правам. Ці ў справе акумулятарнага заводу патрэбен рэферэндум, і ці правядуць яго сумленна – мы запыталіся ў Берасцейцаў. Праваабаронца Раман Кісляк з Берасця з намі на сувязі:

«Рэферэндум – не такі ўжо доўгі працэс. Мы ўжо 9 месяцаў змагаемся супраць гэтага заводу і гадовыя да розных дзеянняў. Чыноўнікі ўсё кажуць, што няма прававых матывацыяў для закрыцця гэтага заводу. Мы хочам стварыць прававыя матывацыі, каб людзі сказалі НЕ гэтаму заводу, каб улады маглі закрыць яго згодна з правам. […]

Жыхары Берасця не змогуць удзельнічаць у гэтым рэферэндуме (толькі Берасцейскага раёну), і гэта праблема, таму што Берасце ніхто не спытаўся, будаваць гэты завод ці не. Мы праваахоўнікі, юрысты, доўга абмяркоўвалі юрыдычныя магчымасці правесці рэферэндум у Берасці. Але закрыццё гэтага заводу не знаходзіцца ў кампетэнцыі гарадскіх уладаў. […]

Нас падтрымліваюць не толькі ў Берасцейскім раёне, але і ва ўсёй Берасцейскай вобласці, і ў Рэспубліцы Беларусь. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы былі ў Менску, менчукі падтрымліваюць нас. Таму мы спадзяёмся на падтрымку ўсяго раёну…»

Фота mediabrest.by