Берасцейскае «Дынама» рыхтуецца да сезону


Футбольны чэмпіён краіны выйшаў з адпачынку і пачаў рыхтавацца да новага сезону. Мы наведалі адно з першых трэнаванняў берасцейскага «Дынама» на клубнай базе ў Чырвоным Двары.

У берасцейцаў – новы галоўны трэнер. Чэха Марцэла Лічку змяніў Сяргей Кавальчук, які не першы раз бярэцца за «Дынама». Дапамагаць яму будуць, акрамя Андрэя Пракапюка і трэнера галкіпераў Васіля Хамутоўскага, Дзмітрый Мазалеўскі, Сяргей Лапіцкі ды іспанец Франсіска Балягер. Але, паводле трэнерскага штабу, гульнёвы стыль каманды не зменіцца.

«Я думаю, вялікіх зменаў не будзе. У нас дастаткова кваліфікаваная каманда. Нават калі браць мінулы сезон, большасць камандаў супраць нас гуляла з пазіцыі абароны. Таму мы будзем старацца больш атакаваць, больш гуляць на атаку, больш ствараць моманты і радаваць заўзятараў прыгожай яркай гульнёй», – кажа Андрэй Пракапюк, старэйшы трэнер ФК «Дынама» (Берасце).

Адным з самых прыкметных здабыткаў «Дынама» поруч з украінцам Яўгенам Хачэрыдзі стаў паўабаронца, албанец Эліс Бакай, які яскрава праявіў сябе ў салігорскім «Шахцёры», а цяпер хоча перамагаць на новым месцы:

«Вядома, выгуляць чэмпіянат зноў, трапіць у групу Лігі чэмпіёнаў або Лігі Еўропы. Выгуляць Суперкубак і Кубак краіны. Цяпер трэба старанна працаваць над гэтым і рыхтавацца да першага матчу за Суперкубак».

Ёсць у камандзе і страты. Перш за ўсё гэта капітан каманды Павел Няхайчык, які вярнуўся ў БАТЭ, Аляксей Хабленка, які стаў гульцом украінскага «Дняпра-1», і галкіпер Аляксандр Гутар, які з’ехаў у салігорскі «Шахцёр». Ролю першага брамніка на сябе гатовы прымераць малады Павел Паўлючэнка, і перабраўшыйся з менскага «Дынама» Сяргей Ігнатовіч.

«Нічога, у нас ёсць трэнер брамнікаў Васіль Хамутоўскі, які застаецца працаваць. Саня Навумовіч ёсць, Сяргей Ігнатовіч будзе працаваць. Я Сашы Гутару жадаю ўдачы ў новым клубе», – гаворыць Павел Паўлючэнка, галкіпер ФК «Дынама» (Берасце).

Яшчэ адзін навабранец, Кірыла Пячэнін з Віцебску, які можа згуляць на любой пазіцыі злева, кажа, што ўмовы, якія ён атрымаў у Берасці, нельга і параўноўваць з тымі, якія меў у мінулым клубе:

«Вельмі істотна адрозніваецца і адміністрацыйнай базай, і колькі людзей усё робяць, усё на вышэйшым узроўні», – каментуе Кірыла Пячэнін, абаронца ФК «Дынама» (Берасце).

Развіваць сваю кар’еру прыехаў у Берасце і малады нападнік Яўген Шаўчэнка. Былы гулец клубу «Менск» у «Дынама» ставіць перад сабой высокія мэты:

«Забіваць галы, дапамагаць камандзе, перамагаць, хачу стаць чэмпіёнам, бо няма ніводнага ні Кубка, ні чэмпіянату. Хочацца адчуць, што гэта такое».

З сёння «Дынама» працуе на першым турэцкім зборы, на якім згуляе з украінскім «Марыупалем» і кіеўскім «Дынама», славацкім «Слованам» і расейскаю камандаю «Крылья Советов». У лютым берасцейцы вернуцца дадому, каб прыз тыдзень зноў адправіцца ў Турэччыну. А ўжо 4 сакавіка «Дынама» адкрывае сезон матчам за Суперкубак супраць салігорскага «Шахцёра».

Алесь Ляўчук belsat.eu