Берасце: Яны палохаюць – нас выходзіць яшчэ больш


14 красавіка ў цэнтры Берасця на пратэст супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі акцыі спрабавалі адбіваць паплечнікаў ад людзей у цывільным, сем удзельнікаў шэсця трапілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Адзін з затрыманых, Алесь Абляк, распавёў у жывым эфіры «Белсату», чаму ўлады сталі дзеяць больш жорстка – і да чаго гэта стала прыводзіць.

Берасцеец Алесь Абляк, які стаў лідарам пратэсту ў мінулую нядзелю, у эфіры «Гарачага каментару» заявіў, што затрыманні 14 красавіка – спроба ўладаў «запужаць, запалохаць людзей, каб менш людзей выходзіла на вуліцы, каб пратэсты скончыліся».

Пераслед Сяргея Пятрухіна, якому пагражае да двух гадоў «хіміі», наш суразмоўца называе жаданнем уладаў перашкодзіць блогеру асвятляць гэтыя акцыі ды самому ўдзельнічаць у іх.

На думку мужчыны, экалагічныя акцыі, якімі спачатку былі выступленні супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, ужо даўно сталі палітычнымі.

«Тое, што пачалі рабіць улады і «праваахоўнікі» сведчыць пра тое, што без палітыкі тут ніяк не абысціся. Прычым, самі ўлады нас туды і цягнуць», – працягвае Абляк.

Актывіст лічыць, што масавыя акцыі цягам апошніх тыдняў – эфект дзеяння ўладаў.

«Яны спрабуюць нас запалохаць, а адбываецца ўсё наадварот: людзей выходзіць яшчэ больш», – дадае Алесь Абляк.

Поўную размову глядзіце ў «Гарачым каментары». Фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum