«Белсат» у Ерэване: «Армянская паліцыя перастала браць хабар»


Арменія ў чаканні новых выбараў. Ужо ў наступны панядзелак, 9 снежня, у краіне адбудуцца пазачарговыя парламенцкія выбары. Падчас іх лідар травеньскай аксамітнай рэвалюцыі, цяперашні выканаўца абавязкаў прэм’ер-міністра Нікол Пашыньян і яго блок «Мой крок» спадзяюцца атрымаць у Нацыянальным Парламенце большасць. Рэдактар праграмы «ПраСвет» у «Гарачым каментары» з Ерэвану – пра атмасферу ў Арменіі напярэдадні датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Валер Руселік: Сяргей, яшчэ ў траўні ты быў у Арменіі, назіраў за аксамітнай рэвалюцыяй, у выніку чаго паўстаў фільм. Апошнімі днямі ты зноўку праехаўся па ўсёй краіне. Як змянілася сітуацыя ў параўнанні з вясной? Тады краіна выйшла ў чаканні зменаў, ці цяпер яна таксама жыве чаканнем зменаў?

Сяргей Пеляса: Сітуацыя змянілася да лепшага, хаця прайшло толькі паўгода. Але і звычайныя людзі, і палітыкі кажуць, што змянілася атмасфера, што зменшылася карупцыя – паліцыя перастала браць хабар.

Калі сітуацыя лепшая, і пра гэта гавораць простыя людзі, на тваю думку, ці наагул магчымы рэванш падчас гэтых выбараў у палітычных супернікаў Нікола Пашыньяна?

Рэванш рэспубліканцаў практычна немагчымы. Гэтая партыя дэмаралізаваная, яна ўдзельнічае ў выбарах, але ў яе прадстаўнікоў практычна няма шанцаў трапіць у Парламент. Хаця ў Арменіі спецыфічнае заканадаўства, якое гарантуе 30% месцаў у Парламенце партыям, што не занялі першае месца. Гэта значыць, нават калі блок Пашыньяна атрымае 100%, то ўсіх 100% у іх не будзе, бо 30% гарантаваныя. Сярод гэтых дзвюх партыяў, якія ўвойдуць у Парламент акрамя блоку Пашыньяна «Мой крок», малаверагодна, каб гэта былі рэспубліканцы. Яны цалкам прайгралі і не вернуцца ў палітыку.

Ходзяць чуткі, што Нікол Пашыньян збіраецца пераўтварыць Арменію з парламенцкай у прэзідэнцкую рэспубліку. Ці нешта пра гэта вядома?

Гаворкі пра гэта няма. Адчуваецца вельмі моцны энтузіязм звычайных людзей, яны чакаюць зменаў. Кампанія выглядае аптымістычна. […] Гэта сведчыць пра тое, што яны маюць гарантаваную перамогу ў кішэні. Яны кажуць пра тое, што ім патрэбны кантакт з людзьмі, і яны хочуць паказаць, што ўлада змянілася да лепшага, і цяпер будзе кантакт з людзьмі, яны будуць прыслухоўвацца. Агулам атмасфера цалкам іншая, чым гэта было яшчэ некалькі месяцаў таму.

Фота – Глеб Гараніч/Reuters/Forum