Беларусы збяднелі. Але працаваць за $ 150 ужо ніхто не хоча


Беларусы могуць жыць так, як палякі? Не могуць. Беларусы маюць жыць лепш! Такую думку выказаў падчас праграмы «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Днямі стала вядома, што Генадзь Фядыніч саступае пасаду старшыні прафсаюзу РЭП Зінаідзе Міхнюк з Берасця. Паводле спадара Фядыніча, ён застанецца лідарам аб’яднання і без афіцыйнай пасады. Ён адзначае, што цяпер сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная: беларусы перасталі прыхоўваць сваю незадаволенасць сацыяльным становішчам і ці адкрыта выказваюць яе, ці проста з’язджаюць з краіны ў пошуках лепшай долі.

«Мы шмат ездзім па краіне, сустракаемся з людзьмі. Рыторыка змянілася. Калі раней людзі маўчалі, то цяпер тыя, хто стаіць у чэргах, не маўчаць, і ў грамадскім транспарце не маўчаць. Наспявае, магчыма, і не вельмі вялікі, але заўважны крызіс – шмат людзей з’ехала за мяжу. І іх так проста ўказамі-наказамі не вернеш на працу на 150 долараў. Гэта нерэальна», – распавёў госць праграмы.

На думку прадстаўніка прафсаюзу, людзей можна вярнуць у Беларусь толькі праз рэальную матывацыю – заробак не менш за $ 500–800.

Генадзь Фядыніч

Пры гэтым Генадзь Фядыніч прызнаўся, што рэпрэсіі з боку ўладаў таксама не могуць быць універсальным адказам на незадаволенасць.

«Калі б гэта дапамагло эканоміцы краіны, то можна б было адсядзець не толькі «хімію» і ў СІЗА», – выказаўся Фядыніч.

Падрабязней пра сацыяльную незадаволенасць, заробкі і спробы змяніць усё да лепшага – у праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і лідарам прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.