Беларусы задаволеныя ўвядзеннем школьнага факультатыву «Асновы сямейнага жыцця»


Згодна з пастановаю Міністэрства адукацыі, вучні 9-11-х класаў змогуць удзельнічаць у факультатыўных занятках «Асновы сямейнага жыцця». Праграма ўключае такія тэмы, як «Асаблівасці дашлюбных адносінаў», «Асаблівасці ролевай структуры і дынамікі сям’і», «Эстэтыка побыту», «Культура сямейнай камунікацыі» ды іншыя. Людзям падабаецца! Зміцер Міцкевіч.

«Трэба такі занятак зрабіць. Дзеці цяпер вельмі разбэшчаныя».

«Дзеці павінны ведаць сямейныя каштоўнасці, традыцыі. Гэта злучае сям’ю».

«Пакуль сям’я сама не вырашыць гэтыя пытанні, ніякія факультатывы не дапамогуць».

«Зараз моладзь на іншыя рэчы глядзіць. Ім толькі дзе зарабіць, дзе таго…»

«Я лічу, што гэта вельмі важна, таму што характар чалавека і яго жыццёвая пазіцыя фармуецца зыходзячы з таго, якія яны бачаць адносіны ў сям’і», – кажуць менчукі.

І цалкам лагічна, калі б праграмы тых заняткаў распрацоўваліся пры ўдзеле грамадскасці. У, падавалася б, слушным пачынанні адсутнічае метадалагічная база для выкладання тэмаў. Таксама не вызначана, хто будзе праводзіць гэтыя заняткі – гэтым могуць займацца практычна ўсе працаўнікі школы.

Вадзім Мажэйка, эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Выглядае так, што настаўнікам проста даюць тэмы для заняткаў, і не вельмі зразумела, як яны могуць іх распрацаваць. Выглядае, што настаўнік сам мусіць, абапіраючыся на свой досвед, распавядаць, напрыклад, у чым розніца паміж каханнем і закаханасцю. Гэта такія філасофскія катэгорыі».

То бок можа атрымацца так, што настаўнікі будуць перадаваць дзецям свой сямейны досвед. У той жа момант магчыма, што «Асновы сямейнага жыцця» будуць проста «для птушачкі», бо гэта факультатыў.

Марына Хоміч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

«Школа не можа вырашыць усё, безумоўна. Як і да любой праблемы, патрэбны комплексы падыход. Але гэтая мера – увядзенне гэтых факультатываў – ну ніяк не можа быць дрэнным знакам ці лішняй. Так, такі факультатыў не вырашыць усіх праблемаў сучаснай моладзі. Але гэта хоць нейкі мінімальны крок, каб штосьці зрабіць у гэтым кірунку».

І рабіць трэба даўно. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, у нашай краіне ў 2016 годзе было здзейснена больш за 26 самагубстваў на 100 тысяч чалавек – мы пятыя ў свеце. У гэтую лічбу штогод трапляюць некалькі дзясяткаў няпоўнагадовых – 29 летась. Не кажучы пра жахлівую статыстыку новых выпадкаў заражэння ВІЧ, дзе Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе, саступаючы толькі Расеі і Украіне.

«Ёсць вельмі важныя тэмы для заняткаў – гэта сямейны бюджэт. Але без распрацоўкі эканамістамі, фінансістамі я ўвогуле не разумею, што тут можна распавесці. Ёсць вялікія сумневы, што гэта будзе эфектыўным. І, напрыклад, тыя ж пытанні кантрацэпцыі не ўключаныя ў праграму. А насамрэч гэта тыя тэмы, якія былі б і карысныя моладзі, і карысныя з пункту гледжання распаўсюду і СНІД, і ВІЧ, і іншых розных інфекцыяў», – гаворыць Вадзім Мажэйка.

Падтрыманне сямейных каштоўнасцяў – у прынцыпе лагічны ход з боку дзяржавы з улікам факту, што паводле афіцыйнай статыстыкі практычна кожнае сёмае беларускае дзіця нараджаецца па-за шлюбам.

Відавочна, што праблема існуе, ды не адна. Змагацца з імі, вядома ж, трэба і ў тэрміновым парадку. Аднак вось захада, абраная ўладамі, а перадусім яе выкананне, выклікае сумневы ў эфектыўнасці.

Як увядзенне факультатываў «Асновы сямейнага жыцця» ацэньваюць адмыслоўцы? Спытаем кандыдата псіхалагічных навук Яўгена Маліноўскага:

«Я лічу, што гэта першачарговая справа, прыняцце такой пастановы, каб у школе выкладаліся тыя асновы, з якіх усё пачынаецца. Сапраўды, усё пачынаецца з сям’і. Але калі гаворка ідзе аб каштоўнасцях, тут метадалогія падказвае нам, што каштоўнасці каштоўнасцям – розніца. […] У курсе акцэнт робіцца на цялесным у адносінах сямейных, а не на духоўных каштоўнасцях…»

belsat.eu