Беларусы паўсталі супраць сістэмы… і перамаглі




Нашы героі маглі застацца без працы, без жытла і без скверу. Іх ніхто не чуў, на ўсе свае звароты атрымоўвалі стандартныя адпіскі. Спатрэбіўся час, упартасць, і ўсё атрымалася.

Рэканструкцыя цеплатрасы на вуліцы Цэнтральнай у раёне Менскага аўтазаводу – узор паспяховай абароны ўласных інтарэсаў. Тут планавалі зрэзаць 135 дрэваў, бо гэтак танней пракласці новыя трубы. План стаў вядомы ў траўні 2017 года. Нашая здымачная група тады прыязджала да мясцовых жыхароў.

З просьбаю знайсці кампрамісны варыянт менчукі дайшлі да Адміністрацыі прэзідэнта, а пакуль чыноўнікі прымалі рашэнне, жыхары баранілі ад знішчэння літаральна кожнае дрэва. Справа зварухнулася з мёртвага пункту, калі гэтую вуліцу ў сваёй прамове згадаў Лукашэнка.

«Мы ж тут жывем, гэта наша зямля, чаму мы павінны трываць тут безгаспадарчасць і бязладнасць? Мы ўсяго толькі настойвалі на якасным выкананні работ», – узгадвае жыхар вул. Цэнтральнай Ілля Якута.

Першапачатковыя планы ўрэшце змяніліся цалкам – і рэсурсы знайшліся. З актывістамі ўзгаднялі зразанне ледзьве не кожнага дрэва. Менчукі ўпэўненыя, што справе вельмі дапамог народны артыст, актор Купалаўскага тэатру Мікалай Кірычэнка, які тут жыў і з асабістым лістом звярнуўся да Лукашэнкі. У жніўні актора не стала.

«Мы сабралі подпісы на нашай вуліцы для таго, каб назваць гэты сквер імем Мікалая Кірычэнкі, паколькі ён так шмат зрабіў для гэтай вуліцы і гэтых дрэваў», – кажа Яўген Белановіч, жыхар вул. Цэнтральнай.

Кватэру Вячаслава Грачова пракуратура збіралася забраць, бо мужчына набыў яе ў чалавека, які ў свой час незаконна пабудаваў гэтае жытло. Вячаслаў мог згубіць жытло і $ 32 тыс., якія ён заплаціў за кватэру. Агенцтва, праз якое ён набываў жытло, дапамагло з адвакатам.

Мы ўжо распавядалі пра гэтую гісторыю: бухгалтарка жыллёва-будаўнічага кааператыву «Мачулішчы-2010» незаконна ўключыла свайго сына ў склад чальцоў кааператыву. Ён пабудаваўся, але пра гэта стала вядома. Пакуль цягнулася следства, мужчына пазбавіўся ад нерухомасці. Вячаслаў даведаўся, што трапіў у махінацыі, калі спакойна рабіў рамонт у новай кватэры.

У жніўні суд адмовіў пракуратуры ў яе патрабаваннях да Грачова. Вячаслаў нарэшце ўздыхнуў спакойна і дарабіў рамонт. Але гэтая кватэра дорага яму каштавала – здароўе падарванае. Вячаслаў хоча прадаць жытло і з’ехаць за мяжу.

А вось бухгалтарам працы ў Беларусі хапае, аднак яны звярнуліся да журналістаў, бо ўказ прэзідэнта нумар 338 забараняў ім з новага года займацца падатковымі дэкларацыямі, што значыць – пакідаў без працы. Бухгалтары мусілі здаць адмысловы платны экзамен і атрымаць статус падатковага кансультанта, чаго яны проста не паспявалі зрабіць.

Год зваротаў да чыноўнікаў і журналістаў, лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет развіцця прадпрымальніцтва. І бухгалтары дамагліся свайго: ва ўказ унясуць змены.

«Адмянілі абавязковы экзамен для нас і прыбралі тэрміны – злашчаснага 31 снежня, да якога мы планавалі працаваць», – тлумачыць змены дырэктарка кампаніі «Гарант ПрафУлік» Алена Мадзялеўская.

У прафесійным асяродку засталіся пытанні адносна будучыні падатковых кансультантаў. Бо за гэты год больш як дзвесце чалавек паспелі атрымаць новы статус. Аднак гэта не псуе смаку перамогі. Гісторыі герояў нашых сюжэтаў пераконваюць, што ўсё можа быць добра. Але развязанне праблемаў – у вашых руках.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Падлікі Белстату: рабі 11 гадоў, не еш – назбіраеш на кватэру
  • Рыхтуем танны і карысны калядны стол
  • Сямейнае адзенне, фотасесіі ды спектаклі: за што беларусы гатовыя плаціць на святы?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».