Беларусы не хочуць стаць расейцамі


Застанемся яшчэ на момант у замежжы, дзе ўвесь апошні тыдзень тэма Беларусі таксама была заўважная. Усё дзякуючы спрэчцы паміж Масквой і Менскам адносна кампенсацыі за нафтавы манеўр. Замежныя выданні запытваюць, як гэта можа паўплываць на суверэнітэт Беларусі. Вось некаторыя з рэакцыяў.

«Латвійская газета» піша, што Беларусь не расстанецца так лёгка з незалежнасцю, бо з Рыгі ў нашай краіне бачаць не толькі цёмныя бакі беларускай дзяржаўнасці ды праблемы з эканомікай, але і светлыя моманты. І гэта не толькі акуратныя гарады і добрыя дарогі:

«Сацыяльны разрыў паміж верхнімі і ніжнімі класамі нашмат меншы, чым у Расеі ці Украіне. І галоўная перавага Беларусі ў тым, што яна не губляе сваё насельніцтва. Людзі не з’яжджаюць з апошняй дыктатуры Еўропы (…) Таму мы не павінны спісваць Беларусі занадта хутка».

Літоўская газета «Навіны Літвы» каментуе чуткі пра абʼяднанне Беларусі ды Расеі. Адзін з аргументаў супраць абʼяднання – адсутнасць фінансавых магчымасцяў Расеі, каб забяспечыць новыя тэрыторыі. Другі – фігура Лукашэнкі, які непадзельна кіраваў краінай шмат гадоў і наўрад ці гатовы сысці на пенсію. Але ў «Навінах Літвы» задаюцца і іншымі пытаннямі:

«Гэта не сакрэт, што шмат хто з беларускіх сілавікоў зʼяўляецца прарасейскі настроеным. Цікава і як зарэагуе на анексію насельніцтва? Лукашэнка ўзмацніў беларускую ідэнтычнасць пад свае аўтарытарныя патрэбы. Але гэта пытанне, колькі людзей у краіне асацыююць сябе палітычна і культурна з Усходам, а колькі з Захадам?»

Расейская «Новая Газета» як бы адказвае калегам з літоўскага выдання:

«Важна разумець, што грамадская думка Беларусі, дастаткова палярызаваная ва ўсім іншым, у пытанні інтэграцыі з Расеяй абсалютна кансалідаваная. Ад самага першага лаяліста і да апошняга апазіцыянера, ад правінцыйнай пенсіянеркі і да сталічнага хіпстэра – ніхто не хоча стаць 86-м рэгіёнам усходняга суседа».

Іншыя ж расейскія СМІ днямі распачалі сапраўдную інфармацыйную атаку на Беларусь. У эфіры федэральных тэлеканалаў цвердзяць, што ў Беларусі можна быць пабітым за тое, што ты расеец. Да кампаніі падключыліся блогеры. Адзін з іх сцвярджае, што ягонага сябра пабілі ў Менску пад крыкі: «Чамадан! Вакзал! Расея!» Мы запыталіся жыхароў нашае сталіцы ці мы, беларусы, сапраўды пагражаем расейцам?

Як рэагаваць на расейскую прапаганду і гэткія гісторыі ад блогераў пагаворым з Паўлюком Быкоўскім, журналістам і медыяэкспертам:

«…Гэтая прапаганда – гэта цяганне за вусы кіраўніка Беларусі, які можа ўспрымаць гэта як пагрозу і нейкім чынам уплываць на тыя рашэнні, якія прымаюцца беларускім бокам на перамовах з Масквою, бо зараз перамовы яшчэ не скончыліся…»

Фота: Jan Brykczynski / Sergei Chirikov, REUTERS / Viktor Drachev, TASS / FORUM

belsat.eu