Беларусы не асуджаюць тых, хто ўхіляецца ад сплаты падаткаў


Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе статыстыку беларускіх эканамічных злачынстваў і пакаранняў за іх.

Бальшыню сваіх дзеянняў людзі робяць з карыслівых мэтаў. Нічога заганнага ў тым няма. Калі ж мы чуем: «дзеяў у карыслівых мэтах» у зале судовага паседжання, то, імаверна, асуджаецца там не мэта, а метад, абраны суб’ектам дзеля задавальнення свайго жадання ўзбагаціцца. Пра дынаміку незаконнага ўзбагачэння сёння і паразважаем.

Калі нехта робіць злачынства, то яно або рэгіструецца, або застаецца незарэгістраванае. Звесткі пра ўлічаныя злачынствы не таямніца, іх публікуе статыстычны камітэт. Іх і выкарыстаем.

Стан злачыннасці ў Беларусі ў 2007–2018 гадах

Агульная тэндэнцыя абсалютна празрыстая: колькасць зарэгістраваных злачынстваў імкліва скарачаецца, што не дзіўна пры самай вялікай у свеце колькасці паліцэйскіх сілаў на 100 тысячаў насельніцтва.

Але раз нашая перадача эканамічная, то сканцэнтруемся на злачынствах супраць уласнасці ды парадку ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці.

Доля злачынстваў супраць уласнасці ды гаспадарчай дзейнасці

Звестак пра новыя злачынствы на сайце Белстату асабліва няма. Тэндэнцыя супакойвае.

І калі так далей пойдзе… Але ж не будзем загадваць, а паглыбімся ў таямнічы свет чорных прыбыткаў. Асабняком у ім стаяць злачынствы супраць эканамічнага парадку, які ў кожнай краіне ўстанаўліваць заканадаўцы.

Доля гэтых злачынстваў сярод эканамічна матываваных, але забароненых або непрымальных учынкаў людзей адносна невялікая, дзесьці 1/15 частка.

Структура злачынстваў супраць парадку гаспадарчай дзейнасці

Кідаюцца ў вочы супрацьзаконныя аперацыі з каштоўнымі паперамі, ухіленне ад падаткаў, незаконны гандаль каштоўнымі металамі ды камянямі і незаконнае прадпрымальніцтва.

Гэтыя злачынствы, паводле маіх асабістых назіранняў, не выклікаюць такой адмоўнай рэакцыі грамадства, як, напрыклад, крадзяжы або рабаўніцтва, а з другога боку вельмі складаныя для выкрыцця і пакарання. Бо існуе пэўная адлегласць у часе, за якую гаспадарчыя практыкі робяцца звычаямі ды нарэшце атрымліваюць заканадаўчую рэгламентацыю.

Суадносіны зарэгістраваных злачынстваў, выяўленых і асуджаных за іх

Справы, звязаныя з парушэннем парадку гаспадарчай дзейнасці, цягнуцца гадамі. Сацыяльная небяспека парушальнікаў – невідавочная грамадству. Мы скарысталіся апошнім з апублікаваных на сайце Белстату зборнікаў, наўмысна не ўлазячы ў адкрытую аператыўную інфармацыю, каб сканцэнтраваць увагу на адной важнай асаблівасці Беларусі.

Вялікіх эканамічных аферыстаў тут небагата, бо вялікага прыватнага бізнесу няма. Даводзіцца карыслівым грамадзянам даіць малы. Вось і асудзілі летась 1000 карупцыянераў, на 45 % больш, чым у 2017 годзе.

Чыстага ўсім прыбытку!

Міхал Залескі, belsat.eu