Беларусы дачакаліся безвізу. NEXTA на «Белсаце»


Суб’ектыўны агляд галоўных падзеяў тыдня – у аглядзе Сцяпан Святлова.

Ішоў 20-ты год XXI стагоддзя. У адной IT-краіне ў цэнтры Еўропы людзям дазволілі фатаграфавацца ў метро і на вакзале! Сапраўдны, небывалы прарыў для айчынных чыноўнікаў. Ужо натоўпы людзей скіраваліся ў бок вакзалу – ды праз метро! Больш за тое: аказваецца, і менскага гарадавога цяпер можна мацаць – новы міністр унутраных справаў Юрый Караеў запэўніў. Не ведае пра гэта, напэўна, Аляксандр Лукашэнка – ён бы гэты разгул дэмакратыі ды свабоды хутка б спыніў.

Безвіз у ААЭ

Яшчэ адна краіна будзе дасяжная без візы ўладальнікам беларускіх пашпартоў ужо з 25-га ліпеня. Днямі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты падпісалі пагадненне аб бязвізавым рэжыме.

Жыхар папрасіў пракаментаваць гэтую навіну жыхароў Магілёва – і вось, што пачуў:

«Вельмі чакаў, прам усё сваё свядомае жыццё».

«Няхай яна хоць з Марсам якую-небудзь там бясплатную візу зробіць. Якая мне розніца, што мне Эміраты?»

«Вы ведаеце, што – паколькі я не выязджаю за мяжу, то мне ўсё роўна, па вялікім рахунку».

«Я думаю, для эканомікі гэта будзе цікава, насамрэч. Арабскія Эміраты – не бедная краіна. То бок калі ўвялі, значыць, так трэба было».

«Ну, калі ў чалавека сярэдні заробак 250 долараў і ў такую дарагую краіну… Ну, як бы… Ну… Не. У галаве гэта неяк лепш гучала».

Такім чынам, акрамя Самоа, Сан-Сальвадору, Намібіі, Нікарагуа, Гамбіі, Сэнт-Вінсэнту і Грэнадынаў, Сэйшэльскіх ды астравоў Мікранэзіі, беларусам цяпер нарэшце будзе дасяжная і заможная краіна.

Сёння загадзя аформленая віза не патрэбная беларусам для наведвання 83-х краінаў свету. Суседзі ж украінцы могуць паехаць у 134 краіны, расейцы – у 118. Уладальнікі пашпартоў Латвіі, Літвы ды Польшчы – на мяжы касмапалітызму: маюць у распараджэнні больш за 160 бязвізавых краінаў. А вось сусветны лідар у бязвізе – акурат Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – для іх адкрытыя 173 бязвізавыя краіны.

Пустыя фан-зоны Галодных гульняў

Аднак ані бязвіз, ані шматлікія запрашэнні ды рэклама не здолелі завабіць у Беларусь замежных турыстаў на Другія Еўрапейскія гульні. Трыбуны давялося запаўняць з дапамогаю бюджэтнікаў, бясплатных квіткоў ды нават самога Лукашэнкі – бадай, адзінага гледача, хто прыйшоў туды з уласнай волі. А вось у фан-зоны, якіх у Менску ажно тры, нікога не зганялі – і вынік аказаўся крыху прадказальны.

Валанцёры – вось асноўныя заўзятары і турысты ў Менску гэтымі днямі. Паводле афіцыйных звестак, у Менск прыехалі толькі каля 12 000 замежнікаў, з якіх траціна – спартоўцы. Каштавала ж спартовая забава $ 265 млн замест чаканых 40. Каб яна акупілася, кожны замежны турыст мусіў бы выдаткаваць $ 8660.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu