Беларусы адказалі «Ганьба!» віцэ-прэм’еру ў Вільні. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Гісторык Дзмітрый Матвейчык лічыць, што паўстанне 1863 г. няправільна называць «Паўстаннем Каліноўскага». Таксама ў праграме мы пакажам гісторыі прапраўнукаў кіраўнікоў паўстання на землях Вялікага княства літоўскага, а гісторыкі з Беларусі, Літвы ды Польшчы патлумачаць, як разумеюць падзеі 1863 г. у трох краінах. Вы ўбачыце фрагменты новага фільму пра паўстанне. Экс-кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс у інтэрв’ю Сяргею Пелясе распавядзе, чаму ён лічыць, што Крэмль выкарыстоўвае Беларусь як зброю супраць Еўразвязу. Легендарны лідар літоўскага «Саюдыса» падказвае нам, як трэба адрэагаваць на БелАЭС.

Адмысловае выданне «Прасвету», прысвечанае перапахаванню паўстанцаў 1863–1864 гадоў у Вільні.

Чаму скандавалі «Ганьба!» пасля выступу віцэ-прэм’ера Беларусі на перапахаванні паўстанцаў у Вільні

Абурэнне беларусаў выклікалі словы віцэ-прэм’ера Беларусі Ігара Петрышэнкі падчас цырымоніі перапахавання паўстанцаў у Вільні. Чаму Літва дала слова віцэ-прэм’еру Беларусі, хаця пачаткова гаспадары гэтага не планавалі? Сяргей Пеляса з Вільні каментуе інцыдэнт на перапахаванне паўстанцаў.

Як не змяняй ягонае імя – Каліноўскі аб’ядноўвае суседзяў у 21 стагоддзі

Ніколі падзеі і асобы паўстання 1863-64 гадоў не асвятляліся і не даследаваліся гэтак дакладна, як пасля выпадковае знаходкі целаў паўстанцаў на гары Гедыміна ў студзені 2017 года. Мы паразмаўлялі з літоўскімі гісторыкамі і з экспертамі з Беларусі і Польшчы, каб лепей зразумець значэнне постаці Кастуся Каліноўскага і паўстання, якое ў нас называюць паводле ягонага імя. Падрабязней – у рэпартажы Усевалада Шлыкава.

Вітаўтас Ландсбергіс: Крэмль выкарыстоўвае Беларусь як зброю супраць Еўразвязу

БелАЭС перагароджвае шлях Беларусі ў Еўропу і настройвае на варожасць з самым блізкім гістарычным і этнічным суседам. Быў загад з Масквы збудаваць БелАЭС на галаве Літвы, над Вільняй. Гэта помста за незалежнасць. Так лічыць першы пасля падзення Савецкага саюза кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс. Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з экс-старшынём літоўскага парламенту.

Іхныя прапрадзеды асабіста ведалі Кастуся Каліноўскага – унікальная гісторыя нашчадкаў паўстанцаў

Іхныя прапрадзеды асабіста ведалі Кастуся Каліноўскага і кіравалі паўстаннем 1863 г. на землях Беларусі ды Літвы. Аднаго выслалі ў Сібір, а другі выжыў толькі дзякуючы карупцыі царскіх чыноўнікаў. Расейскія ўлады і лёс прывялі іх у Польшчу, у ваколіцы Варшавы. Як жывуць цяпер і як захоўваюць памяць нашчадкі сакратара паўстанцкага ўраду ў Літве і Беларусі Караля Фалевіча і кіраўніка ўраду Якуба Гейштора? Глядзіце адмысловы рэпартаж Сяргея Пелясы.

Гісторык: Называць паўстанне 1863 г. паўстаннем Каліноўскага некарэктна і няправільна

Пра складанасці супольнай гісторыі адразу пасля вялікай дыскусіі гісторыкаў з Беларусі, Літвы ды Польшчы ў Вільні Сяргей Пеляса запісаў інтэрв’ю са гісторыкам Дзмітрыем Матвейчыкам, супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіву Рэспублікі Беларусь.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.