Беларускія рыцары: да фестываляў узроўню Літвы нам далёка


У Кярнаве напярэдадні аднавілі побыт XIII-XIV стагоддзяў у межах штогадовага фестывалю жывой археалогіі. У першай сталіцы Літвы на вачах публікі разгараліся баі рыцараў, што прыехалі ў тым ліку і з суседніх краінаў. Свае ўменні прадэманстравалі і рыцарскія клубы з Беларусі. Менскі клуб гістарычнай рэканструкцыі «True varing» збірае аматараў гісторыі ўжо 8 гадоў і мае што паказаць замежным рыцарам.

«Мы прымаем удзел ужо не першы год, бо месца Кярнаве – гэта не толькі месца сучаснай Літвы, а таксама агульнай нашай гісторыі. Перыяд княства Літоўскага – гэта тое, што нас аб’ядноўвае», – распавядае Яўген Апанасевіч з клубу «True varing».

На фестываль у Кярнаве ў якасці ўдзельніка трапіць не так проста: напрыклад, яшчэ некалькі гадоў таму рыцары з віцебскага клубу гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» не адпавядалі высокім патрабаванням фестывалю, але сёлета ўдзельнічаць іх пазвалі самыя арганізатары.

А рэканструктар сярэднявечных музычных інструментаў, перадусім дуды, Тодар Кашкурэвіч прыязджае на фестываль ужо 15-ты год.

«У Беларусі, на жаль, такога кшталту мерапрыемстваў, няма. Былі спробы наладзіць, здаецца, у Браславе. Тое, што робіцца ў Дудутках – увогуле поўны трэш. Трэба прызнаць, што літоўцы ў арганізацыі такіх святаў вельмі далёка наперадзе», – адзначае Тодар Кашкурэвіч.

Нашую краіну ў Літве рэпрэзентавалі і майстры з Браслаўскага музею традыцыйнай культуры. Яны навучылі наведнікаў, як у Сярэднявечча фарбавалі ніткі для вопраткі.

На фестывалі ўжо каторы год запар можна было пакаштаваць стравы, зробленыя паводле старажытных рэцэптаў, ці нават пачуць сябе ў скуры пакаранага злачынцы, якога асудзілі, напрыклад, да адсячэння вуха.

Марына Вашкевіч, belsat.eu