Беларускія рэстараны: замест зорак Мішлен – шыны Белшыны

У новым выданні шоу «Я не буду гэтага есці» абмяркоўваем беларускую кухню, рэстаранны бізнес і гатуем смачны фасолевы суп.

У праекце «Я не буду гэтага есці» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.

Герой гэтага выдання – наш калега Глеб Лабадзенка. Ён вядзе на «Белсаце» ток-шоу «Кожны з нас», а таксама праграму «Мова нанова», якая з’явілася ўслед за аднайменнымі курсамі беларускай мовы. Адна з улюбёных страваў Глеба (і адзіная, якую ён умее гатаваць) – гэта дранікі. А не любіць ён, як вы ўжо здагадаліся, фасолевы суп. У дзяцінстве, паводле ягоных словаў, яго ім перакарміла мама.

«З ім усё не так, на маю думку. Ён не таго колеру – брыдкага. Не той кансістэнцыі, ён пахне абы-як. Фасоля гэтая плавае. І потым аказалася, што гэта вельмі карысна. А тое, што карысна, – заўсёды нясмачна», – смяецца Глеб.

Цягам здымачнага дня ён імкнецца нічога не есці: «Па-першае, ёсць прымаўка “Сытае бруха да навукі глуха”. Па-другое, калі ты наеўся, ад хвалявання можа здарыцца ўсё што заўгодна».

Дарэчы, у студыю «Я не буду гэтага есці» Глеб прыйшоў са сваёй жонкай Таццянай і калегам па працы – галоўным рэдактарам ток-шоу «Кожны з нас» Яўгенам Валошыным.

«Ці атрымлівае нехта ў Беларусі зоркі Мішлен? Ці можа свае нейкія – шыны Белшыны, напрыклад?» – задаўся пытаннем Яўген.

Аляксандр Чыкілеўскі удакладніў, што Беларусь не ўваходзіць у лік краін, па якіх выдае свае знакамітыя даведнікі кампанія «Мішлен». А ідэю з шынамі ацаніў. Як і Глеб Лабадзенка: «Я б яе Белшыне прадаў», – сказаў ён. Але ў нас на парадку дня – атрыманне ўмоўнай «зорачкі» ад галоўнага героя. Якім жа чынам нашыя шэф-кухары збіраюцца прышчапіць яму любоў да нелюбімай стравы?

Фасолевы суп у выкананні Аляксандра Чыкілеўскага будзе ў выглядзе пюрэ, а падасць ён яго, як французскі цыбульны: запечаны з грэнкамі і сырам. Вольга Прыгарава ў якасці альтэрнатывы прапанавала чылі кон карнэ – не зусім суп, але затое фасоля ў ім застанецца цэлай. А значыць, кажучы словамі Глеба Лабадзенкі, будзе «глядзець» на яго з талеркі – як раз гэтага ён і не любіць.

Яўген Валошын, Глеб Лабадзенка і ягоная жонка Таццяна Шапуцька ў студыі «Я не буду гэтага есці». Фота Васіля Маўчанава

Чылі кон карнэ

На 3 чалавекі

Час гатавання: 60 хвілін

  • цыбуля рэпчатая чырвоная – 300 г
  • часнык – 30 г
  • ялавічны фарш – 450 г
  • памідоры ва ўласным соку (можна замяніць таматавай пастай) – 450 г
  • перац чылі – 1 шт.
  • балгарскі перац – 120 г
  • вараная чырвоная фасоля – 220 г
  • кумін, соль, перац
  • смятана тлустая – 300 г
  • тарцілья кукурузная або пшанічная – 6 шт.
  • кінза

Наразаем кубікамі цыбулю і часнык, перац чылі і балгарскі. Абсмажваем на алеі ў рондалі. Да абсмажанай гародніны дадаем ялавічны фарш і тушым хвілін 25. Затым туды ж дадаем вараную фасолю і памідоры ва ўласным соку. Гатуем усё разам яшчэ хвілін 7–10, даводзім да смаку соллю, перцам, молатым у ступцы кумінам.

Для падачы пасыпаем сечанай кінзы, дадаем смятану, побач кладзем тарцілью.

Запечаны фасолевы суп-пюрэ

На 6 чалавек

Час гатавання: 45 хвілін (без уліку замочвання фасолі)

  • белая фасоля – 250 г
  • вэнджана-вараная грудзінка – 150 г
  • вяршкі 33% тлустасці – 150 г
  • морква – 120 г
  • корань пастарнака – 120 г
  • корань салеры – 100 г
  • рэпчатая цыбуля – 60 г
  • спаржавая фасоля – 50 г
  • памідоры – 50 г
  • часнык – 10 г

Замочваем фасолю на ноч, а затым варым да мяккасці.

Наразаем дробнымі кубікамі салеру, цыбулю, грудзінку, моркву, пастарнак і часнык. Абсмажваем грудзінку, каб яна пусціла тлушч. Дадаем да яе цыбулю, часнык, корань салеры, корань пастарнаку і моркву. Усе разам абсмажваем да гатовасці.

Прабіваем блендэрам фасолю з вадой, у якой яна гатавалася, да аднастайнасці. Пераціраем праз сіта. У фасолевае пюрэ дадаем абсмажаныя гародніну з грудзінкай. Уліваем вяршкі. Варым 5 хвілін. Дадаем стручковую фасолю і варым яшчэ 5 хвілін.

Бланшуем таматы (надрэзаць крыжыкам і абліць кіпенем), здымаем скурку і прыбіраем насенне. Мякаць памідораў наразаем. Кладзем у суп за 2–3 хвіліны да гатовасці.

Наліваем суп у глыбокую талерку. Зверху кладзем лустачку белага хлеба, пасыпаем сырам і запякаем у духоўцы пры тэмпературы 180–200 градусаў да залацістага колеру.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце новае выданне кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

«Хацела ісці ў міліцыю»: баксёрка Кацярына Вандар’ева пра дзяцінства і нелюбоў да дранікаў

У вас дыябет? Вось што раяць менскія шэф-кухары

«Голас» Менскага вакзалу, спявачка Руся знялася ў шоу «Я не буду гэтага есці»

Бігас з «мясам белага мядзведзя». Як армія наносіць харчовыя траўмы

Шоу «Я не буду гэтага есці» вяртаецца ў Беларусь

Паглядзіце, як на Вялікдзень гатуюць страусавыя яйкі

Заклік сядзець удома і варыць боршч нарэшце стаў актуальны

Антыкрызіснае меню: пераходзім на субпрадукты