Беларускія калгасы: хаты-развалюхі і заробак прадуктамі




Звычайна калгасы даюць сваім супрацоўнікам жытло. У калгасе, які знаходзіцца ў вёсцы Вялікія Ляжні Шумілінскага раёну, таксама можна атрымаць службовую хату. Але стан такога жытла папросту шакуе.

Уладзімір Старавойтаў пяць гадоў таму ўладкаваўся на працу ў калгас. Разам з жонкаю з інваліднасцю – пасяліліся ў службовым доме.

Выбітыя шыбы, разбураны ганак, дзіравая страха… Нават прыбіральні на выдзеле не было. Каб паставіць прынамсі два вакна і ўваходныя дзверы спадару Уладзіміру давялося браць крэдыт.

«Усталявалі дзверы, таму што старая была спарахнелая – тарганеш, яна валіцца», – скардзіцца Уладзімір.

У доме – дзве печы. Тапіць Уладзімір наважваецца толькі адну. Але і яна патрабуе неадкладнага рамонту. Бо, калі яе пачынаеш тапіць, уся хата запаўняецца дымам. На гарышчы таксама ўсё запаўняецца дымам. Праўда, тут дым не затрымліваецца – выходзіць праз дзіравую страху.

Нядаўна спадар Уладзімір усё ж такі дагрукаўся да кіраўніцтва. Дом агледзелі пажарнікі… і пад пагрозаю штрафу выставілі вяскоўцу тэрміны для выпраўлення ўсіх хібаў.

«Далі мне да 1.04.2019 года ўсё парабіць. А дзе ў мяне такія грошы? У мяне такіх грошай няма», – кажа мужчына.

Мужчына працуе ў калгасе жывёлаводам. Як высветлілася, вясковец ужо даўно не атрымлівае жывых грошай. Бярэ на прадпрыемстве ежу, кошт якой вылічваюць з заробку.

«Заробак – 404 рублі, атрымаць на рукі – 0. Вылічваюць за прадукты, – паказвае нам разліковы ліст спадар Уладзімір. – Пытанне, а як можна плаціць за святло, калі грошай няма?», – здзіўляецца Уладзімір.

Асабісты капітал
30 дзён і 30 начэй на працы – заробак каля $ 100. Калгаснікі змагаюцца супраць мізэрных заробкаў
2019.02.25 19:05

Кіраўніцтва калгасу аб праблемах Уладзіміра ведае і нават не супраць дапамагчы… паводле дамовы.

«Ну, разумееце, у нас дамова падпісваецца з кватэранаймальнікам – усе ўнутраныя справы ён мусіць рабіць сам! Разумееце, – распавяла нам праз тэлефон намесніца дырэктара гаспадаркі «Ляжні» Валянціна Яцко. – Фарбаваць, клеіць, рамантаваць. У нас гаспадарка нікому не робіць рамонту. Калі ён у кепскім стане… можна дом давесці за год, за два, разумееце?! Неабходна падтрымліваць штогод!»

Але нашага героя такая дапамога не задавальняе.

«А чаму я мушу рабіць гэты рамонт, калі мне дом далі ў такім стане? Калі мяне могуць звольніць, выселіць з гэтай хаты. А я буду рабіць рамонт, калі ўсё цячэ і ўсё трэба рабіць?!», – запытваецца Уладзімір Старавойтаў.

Паводле закону, службовае жытло павінна адпавядаць усім санітарным, гігіенічным ды тэхнічным нормам – што прапісваецца ў тыповай дамове, але адмыслоўцы папярэджваюць.

«Калі вы атрымліваеце жытло, у якім цвіль на сценах, не працуе каналізацыя, не працуе водаправод, – кажа адвакатка Ірына Шэлег, – калі вы падпішаце дамову, што ўсё працуе і ўсё добра, то ўсе абавязкі па рамонце пасля ўскладуць на вас».

З’язджаць з Вялікіх Ляжнёў Уладзімір Старавойтаў не хоча: раззнаёміўся, прыжыўся, увесну плануе набыць і паставіць цяпліцу… Але калі кіраўніцтва не дапаможа, то давядзецца шукаць іншае месца, з людскімі ўмовамі жыцця.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У пошуках гаспадара менскага шматпавярховіку
  • Вясковец атрымаў штраф за бадзяжнага сабаку
  • Беларусы – пра грашовыя спагнанні за парушэнні
  • Прыгоды Манюні. Мы адведалі поні ў ветэрынарнай клініцы

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.