Беларускія гандляры просяць Лукашэнку разабрацца з Пуціным


Хоць індывідуальныя прадпрымальнікі даўно не пратэставалі на вуліцах, «кацёл бурліць», сцвярджае лідар аб’яднання прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка. ІП у сваіх нараканнях на ўмовы гандлю хочуць дайсці да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер збіраюцца подпісы за сустрэчу з ім.

Што да нядаўна прынятай урадам Стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 году, Шумчанка лічыць, што ІП у ёй варта было б вылучыць у асобную катэгорыю мікрабізнесу і стварыць спрошчаныя ўмовы працы.

«Цяпер 40-50 тысяч ІП у раздробавым гандлі. Давайце зробім, каб было 200-300 тысяч. Атрымаеце ў 5-6 разоў болей падаткаў», – гэта Шумчанка даводзіць кіраўніцтву Міністэрства па падатках і зборах.

Шмат у ІПшнікаў наракананняў у бок Расеі.

«Смешна, каб не маглі навесці парадак у Маскве на двух гуртовых рынках «Люблино«», «Садовод», дзе нашы прадпрымальнікі набываюць тавар. Хай бы Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным, можа, завастрыў гэтае пытанне?! Колькі б праблемаў вырашылася, калі бы на гэтых рынках нашым ІП давалі легальныя дакументы! – кажа Шумчанка. – Чаму праз іх злодзеяў, карупцыянераў і гармідар сумленныя беларусы павінны адказваць сваёй маёмасцю?».

Падрабязней пра тое, чаго яшчэ гандляры чакаюць ад Лукашэнкі, глядзіце ў перадачы «Размова дня» з вядоўцам Усеваладам Сцебуракам і лідарам дробных прадпрымальнікаў Анатолем Шумчанкам.