Сальдa Беларускія гадзіннікі «Луч» замаўляюць французы і немцы


Роўна дзесяць гадоў таму кампанія «Луч» была абвешчана банкрутам. Але сёння сітуацыя на заводзе адваротная. Нягледзячы на крызіс кампанія развіваецца і ўпэўнена прасоўвае сваю прадукцыю не толькі ў Беларусі, але выходзіць на вонкавыя рынкі і часта паспяхова канкуруе за мяжой.

Менскі гадзіннікавы завод пасля продажу акцыяў інвестару 10 гадоў таму атрымаў яшчэ адну магчымасць заявіць пра сябе на рынку. Кампанія выкарыстала свой шанец і цяпер дынамічна развіваецца. Цягам двух гадоў, пасля набыцця пакету акцыяў швейцарская кампанія Franck Muller International B.V. інвеставала ў завод каля $ 3 млн. Такім чынам была захавана і вытворчасць, і калектыў.

«Прыход інвестара забяспечыў прадпрыемству надзейны тыл. А таксама нельга забывацца пра досвед нашага прадпрыемства. Нашых спецыялістаў, якія таксама дапамагаюць нам трымацца і развівацца далей», – распавядае намеснік дырэктара ў камерцыйных пытаннях Азат Маргаран.

Асноўны акцэнт у кампаніі цяпер робіцца на ўнутраны рынак. Пашыраецца колькасць уласных крамаў. Адмыслова распрацоўваюцца новыя калекцыі. Толькі сёлета для спажыўцоў прадстаўленыя каля 10 новых лінеек гадзіннікаў. Адметна, што цыферблаты шмат у якіх калекцыях аздобленыя народнымі арнаментамі.

«Калекцыя «Вытокі». Вось у мяне на руцэ зараз можна пабачыць першую мадэль гэтай калекцыі. Аформленыя гадзіннікі беларускі арнаментам. Прычым у ім сімвалізм – продкі. Адсюль і назва калекцыі – «Вытокі»», – тлумачыць кіраўнік аддзелу маркетынгу Вольга Карпенка.

Актыўна кампанія працуе і на вонкавых рынках. Нягледзячы на вострую канкурэнцыю, гадзіннікі айчыннага «Луч» карыстаюцца попытам далёка за межамі нашай краіны. У асноўным гэта аднастрэлачныя гадзіннікі для мужчын, пад назвай «Рэтра». Набываюць беларускія гадзіннікі нават у Кітаі.

«Сёння мы экспартуем сваю прадукцыю ў 15 краінаў свету. Вось, напрыклад, у мінулым месяцы – у кастрычніку – мы адгрузілі партыю тавару ў ЗША. Была замова ў Францыі, Нямеччыне. Канечне ж, і Расея», – пералічвае Азат Маргаран.

Некалі ў Менску на заводзе «Луч» выпускалася за год ажно 10 мільёнаў гадзіннікаў. Цяпер абʼёмы далёкія ад гэтай лічбы. Але кампанія штомесяц прадукуе каля дзесяці тысячаў вырабаў. У асноўным гэта наручныя гадзіннікі, але таксама мяркуецца ў хуткім часе стварыць вытворчасць насценных, а таксама і нават будзільнікаў.

Таксама ў выданні: Рэкордныя тэмпы росту дзяржпазыкаў. За 10 месяцаў сёлета запазычанасці нашай дзяржавы склалі Br 36 млрд.

Глядзі таксама
Каментары