Беларускі ветэран вайны на Данбасе варыць эспрэса ў бары


Герой першага рэпартажу – Ян Мельнікаў, ветэран вайны на ўсходзе Украіны. Максімалізм і пачуццё справядлівасці прывялі яго ў студзені 2014 г. на Майдан у Кіеве, а пазней – у шэрагі тактычнай групы «Беларусь». Пра сваё цяперашняе «цывільнае» жыццё ён распавядзе ў праграме «Беларускі свет».

Ян Мельнікаў ваяваў на ўсходзе Украіны, баронячы яе тэрытарыяльную цэласнасць. Цяпер шлях дамоў для яго закрыты: у Беларусі яго чакае крымінальная справа. Акалічнасці прымусілі застацца ва Украіне, у Кіеве.

Ахвярнасць беларусаў, якія змагаліся за лепшую будучыню Украіны спачатку на Майдане, а пазней у акопах, на думку Яна, змяніла дачыненні паміж беларускім і ўкраінскім народамі:

«Са смерці Міхася [Жызнеўскага, які загінуў ад кулі на Майдане 22 студзеня 2014 г. – belsat.eu] пачынаецца шлях і новы адлік беларуска-ўкраінскіх адносін, паміж нашымі якраз народамі, не краінамі, не дзяржавамі, а менавіта паміж нашым беларускім і ўкраінскім народамі».

Гэты горад мае для яго значэнне не толькі праз падзеі Рэвалюцыі Годнасці, але і праз тое, што тут вучыўся Уладзімір Караткевіч (1930–1984). Ягоная творчасць служыць крыніцай натхнення, Ян можа цытаваць вершы Караткевіча па памяці.

«Калі я прачытаў ягоныя словы «Я нарадзіўся на Дняпры, і ён у Кіеў цячэ з майго сэрца», мяне гэта так вельмі моцна ўразіла! Ёсць такі сімвал, як Дняпро, які звязвае сваёю вадою нашыя дзве дзяржавы».

У праграме «Беларускі свет» Ян Мельнікаў раскажа пра ўшанавання памяці забітых суайчыннікаў і падзеліцца, чым займаецца пасля вяртання з войска і што збіраецца рабіць далей.

ІНШЫЯ ТЭМЫ ПРАГРАМЫ «БЕЛАРУСКІ СВЕТ»:

  • Інтэрв’ю Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР, ды рэпартаж пра серыю медалёў, якія ўручылі заслужаным беларускім дзеячам да 100-годдзя абвяшчэння БНР.
  • Траўматолаг Аляксей Носаў, якога з прычыны грамадскай актыўнасці вымусілі ўцячы з Беларусі, жыве ў іспанскай Валенсіі. Ён раскажа, як ён прайшоў шлях ад збіральніка кавуноў да паважанага доктара.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.