Беларускі кіберспорт: прафесійны і жорсткі


Канкурэнцыя, камандны дух, радасць перамогаў і горыч паразаў – у кіберспорце ўсё, як у звычайным спорце. Як жыве адна з самых паспяховых беларускіх кіберспартовых камандаў Nemiga Gaming? Зараз даведаемся.

Каманда Nemiga Gaming была заснаваная ўлетку 2017 года. Яе стваральнік Сяргей Варановіч гуляе ў камп’ютарныя гульні з дзяцінства. Калі вырас – заняўся стварэннем уласных. А два з паловай гады таму ён заснаваў каманду Nemiga Gaming.

«Гісторыя стварэння даволі банальная. Беларусы анідзе не прадстаўленыя. Калі па ўсім свеце індустрыя ўжо вырасла: прыходзяць спонсары, партнёры, мільёны людзей як удзельнічаюць, так і прыходзяць пазаўзець. А ў нас жа ў краіне нічога не было», – кажа заснавальнік каманды.

Nemiga Gaming прадстаўленая ў чатырох дысцыплінах: CS:GO2, DOTA 2, Hearthstone і FIFA. Падрыхтоўка да спаборніцтваў праходзіць у жорсткім рэжыме: з адмысловай дыетай, заняткамі з псіхолагам, разборам гульняў з трэнерам. Падчас «збораў» усе гульцы жывуць у адным доме, пільнуюцца спецыяльнага графіку. Бо толькі так можна дасягнуць добрых вынікаў.

«Мы ўдзельнікі чэмпіянатаў свету, апошні раз мы ў Кітай з камандай па DOTA 2 з’ездзілі. З 24 краін мы занялі 9 месца», – кажа Сяргей Варановіч.

Адна з зорак Nemiga Gaming Ілля Шыманскі пачаў прафесійна займацца кібер-футболам чатыры гады таму. Дагэтуль ён шмат гуляў у звычайны футбол – і гэта вельмі дапамагло хлопцу дасягнуць кіберспартовых вышыняў. Ён тройчы станавіўся пераможцам чэмпіянату Беларусі.

«Калі я пачаў перамагаць на турнірах і разумець, што я магу быць адным з лепшых. Гэта быў першы крок да таго, што гэтым можна займацца прафесійна. А калі пачалі з’яўляцца прафесійныя кіберспартовыя арганізацыі, калі мяне запрасілі і я атрымаў сваю пасаду, то зразумеў – усё, гэта мая праца», – кажа кіберспартовец.

У сусветным кіберспорце круцяцца вялізарныя грошы. Прызавы фонд аднаго з сусветных чэмпіянатаў па DOTA 2 складаў 35 мільёнаў долараў. Спонсарамі становяцца не толькі вытворцы гульняў ці электронікі, але аўтамабільныя, спартовыя і нават касметычныя брэнды. Беларускую жа каманду падтрымлівае відэасэрвіс «VOKA».

«Кіберспорт дае магчымасць людзям розных узростаў, рознай фізічнай падрыхтоўкі, рознага статусу, праяўляць сябе, спаборнічаць. Паказваць, што яны ўмеюць. Для нас гэта цікава, і мы хочам быць у трэндзе», – кажа намеснік генеральнага дырэктара А1 Антось Бладзік.

Nemiga Gaming плануе вывесці кіберспорт у Беларусі на новы ўзровень – зрабіць яго больш глабальным, масавым, а гульцоў больш прафесійнымі.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu