Беларускі далікатэс: суп з бульбянога шалупіння. Яго елі нават у Нясвіжскім замку


«Беларусы – вельмі эканомныя людзі», – распавёў пра незвычайны рэцэпт нашых продкаў кухар Аляксандр Чыкілеўскі ў кулінарным шоу «Я не буду гэтага есці!», новы сезон якога стартаваў на «Белсаце».

Гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак. Госцяй студыі была спявачка Руслана, пераможца «Еўрабачання-2004» і актывістка Майдана ў 2004 і 2014 гадах. У шоу «Я не буду гэта есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца з дзяцінства і чаму.

Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.

Руслана была цяжкім выпрабаваннем для нашых шэф-кухараў: яна не ясі амаль нічога апрача сырой гародніны. Пры гэтым не ўжывае солі. А заданнем было прыгатаваць суп, які ёй прыйшоўся б да спадобы. Вольга Прыгарава вырашыла зрабіць сонечны суп-пюрэ з гарбуза на какосавым малацэ. Аляксандр Чыкілеўскі, які займаецца адраджэннем традыцыйнай беларускай кухні, мадыфікаваў старажытны рэцэпт, які знайшоў у кнізе пра Нясвіжскі замак.

«У чым яго асаблівасць? Я буду рабіць булён на сушанай бульбе. Беларусы – вельмі эканомныя людзі. Бульбу – на дранікі. А тое, што застаецца, мы высушваем і на гэтым робім духмяны булён. Вельмі рэдкі рэцэпт», – распавёў ён у студыі.

Адціснуты з надзёртай бульбы крухмал нашыя продкі таксама выкарыстоўвалі. Рабілі з яго блінцы, якія рэзалі на паскі, падсушвалі ды елі з соусам.

«Ніякія не амерыканцы, а беларусы прыдумалі першыя чыпсы!» – дадае Аляксандр Чыкілеўскі.

А вось і рэцэпт супу, які ён прыгатаваў для Русланы:

  • чыпсы з бульбянога шалупіння – 1 кг
  • белыя грыбы – 50 г
  • свежыя памідоры – 400 г
  • спаржавая фасоля – 200 г
  • гарбуз – 300 г
  • шампіньёны – 300 г
  • свежы гарошак – 60 г
  • раслінны алей – 1,5 ст. л.
  • сметанковае масла – 1,5 ст. л.

Для булёна з гародніны:

  • цыбуля рэпчатая – 1 шт.
  • морква – 1 шт.
  • корань пятрушкі – 1 шт.
  • сцябло салеры – 1 шт.
  • корань салеры – палова
  • халодная вада – 1 л
  • спецыі: лаўровы ліст, духмяны і чорны перац

1. Для прыгатавання чыпсаў нячышчаную бульбу заліць халоднай вадой, пачакаць, каб сышоў бруд, затым старанна вымыць кожную бульбіну. Высушыць, абраць, шалупінне падсушыць у духоўцы. Разам з бульбай можна падсушыць цыбулю.

2. Гатуем булён з гародніны. Чысціць яе не трэба, дастаткова старанна вымыць, як бульбу для чыпсаў. Для пачатку абпалім усё, акрамя кораня салеры, на сухой патэльні – да чорнай скарыначкі (нашыя продкі дадавалі ператопленае сметанковае масла, але для Русланы мы гатуем нізкакаларыйную версію без тлушчу). Так булён набудзе прыгожы залацісты колер. Абпаленую гародніну складаем у рондаль. Дадаем сцябло салеры і спецыі, халодную ваду, даводзім да кіпення, здымаем пену, памяншаем агонь і варым да мяккасці морквы.

3. Заліваем бульбяныя чыпсы булёнам з гародніны, варым 5-10 хвілін, каб яны аддалі свой водар, і вымаем. Працэджваем.

4. Памідоры бланшуем, выдаляем скурку, насенне і наразаем кубікам.

5. Гарбуз і шампіньёны наразаем сярэднім кубікам, дадаем гарошак і абсмажваем на алеі.

6. Да абсмажанай гародніны дадаем памідоры, смажым яшчэ крыху, уліваем бульбяны і грыбны булён. Даводзім да кіпення, дадаем грыбы і фасолю. Варым да гатовасці.

Ці спадабаўся Руслане стары беларускі суп? Хто перамог у кулінарнай бітве? Як выглядае «замак» на сонечных батарэях, у якім Руслана жыве ва Украіне? І як яна раскідала па сцэне дзясяткі тысяч долараў? Пра ўсё гэта – у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.