Беларускі адвакат з ЗША стаіць на баку Трампа і гатовы да прэзідэнцтва ў Беларусі


Пра зброю, права на спароны і Пуціна. У Лас-Вэгасе адбыліся трэція і апошнія прэзідэнцкія дэбаты. Гэта быў апошні шанец бізнесоўца Доналда Трампа пераканаць гледачоў у тым, што менавіта ён – а не Гілары Клінтан – мае засесці ў Белым доме.

Кандыдаты пачалі дэбаты ва Універсітэце Невады, гэтак і не падаўшы рук. Не было рукапаціскання і ў канцы.

Пасля стрыманага пачатку дыскусія змянілася ў жорсткую спрэчку, у якой Трамп назваў Клінтан «вельмі кепскаю жанчынай». Дэмакратка не прымусіла доўга чакаць і заклікала апанента не «ныць» з прычыны таго, што ён прайграе на выбарах.

Шанцаў у Трампа сапраўды ўсё меней. Паводле апытання CNN, 52 % гледачоў перамогу ў дэбатах прысудзілі Гілары Клінтан супраць 39 % для Трампа.

Адвакат Юрась Зянковіч, які жыве ў ЗША, адзначыў у «Гарачым каментары», што не мае грамадзянства ЗША і не будзе ўдзельнічаць у выбарах, але стаіць на баку таго, хто «менш кепскі». Для яго гэта Доналд Трамп.

Паводле спадара Зянковіча, большасць людзей, з якімі ён размаўляў у ЗША, расчараваныя выбарчай кампаніяй і мяркуюць, што добрага выбару няма, бо яго трэба рабіць паміж «горшым» і «кепскім».

«Кожны для сябе вырашае, хто горшы, а хто кепскі. Адныя людзі гавораць, што Трамп неадэкватны, таму трэба выбраць Клінтан. Іншыя гавораць, што Клінтан заваліла вонкавую палітыку Злучаных Штатаў, не ўмее захоўваць дзяржаўныя сакрэты, яе трэба судзіць, таму Трамп будзе меншым злом», – падкрэсліў беларускі адвакат.

Ён адзначыў, што Гілары Клінтын усю сваю карʼеру працавала на дзяржаву і зусім не ведае асаблівасцяў і цяжкасцяў наёмнай працы, вядзення бізнесу.

«А Трамп, што б пра яго не казаць, – гэта чалавек, які сам сябе зрабіў паспяховай асобай, зарабіў свае мільярды сумленнай працай. У мяне, шчыра кажучы, больш выклікае даверу чалавек, які будзе кіраваць эканомікай, які ведае не па чутках праблемы бізнесу», – заўважыў госць «Белсату».

Электарат Трампа стаміўся ад палітычнай карэктнасці, а ў ЗША шмат хто гаворыць пра абмежаванне іміграцыі, спыненне наплыву людзей з арабскіх краінаў, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу з амерыканскіх падаткаў, адзначыў адвакат. Трампа падтрымліваюць таксама бізнесоўцы, якія чакаюць ад мільярдэра дапамогі ў развіцці дзелавых ініцыятыў.

У сваю чаргу ад патэнцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва ў Беларусі Юрый Зянковіч не чуе адказаў на пытанне, якой мае быць Беларусь праз некалькі дзясяткаў гадоў.

«Калі я такога чалавека пачую, то я яго з задавальненнем падтрымаю. На сённяшні дзень такіх людзей няма, таму я заяўляю пра тое, што тады, магчыма, я той чалавек, які патрэбны для краіны», – падкрэсліў беларус з ЗША.

На ягоную думку, Беларусь мае быць самастойнай краінай, незалежнай не толькі ад Еўразвязу ды Расеі, але і ад Амерыкі ды Кітаю. Паводле спадара Зянковіча, Беларусь мае заключаць саюзы са сваймі найбліжэйшымі суседзямі – краінамі Балтыі ды Польшчай.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu