Беларуская вёска жыла за падаткі з караблёў


Праграма «Вяскоўцы» наведала вясковага барда, які складае песні пра ліцвінаў і збірае легенды пра цмокаў.

Гісторык, краязнаўца і бард Алег Мізула жыве ў колішнім мястэчку Жодзішкі, якое ляжыць на беразе ракі Вяллі. У мястэчку здаўна жылі прадпрымальныя людзі, а размяшчэнне на суднаходнай рацэ спрыяла таму, што селішча багацела. Некалі тут была нават свая мытня, якая збірала падаткі з караблёў, што перавозілі па Вяллі разнастайныя грузы.

Вядоўца праграмы «Вяскоўцы» Віктар Шукеловіч спачатку выправіўся са спадаром Алегам у даўнейшай брычцы «ў валоўнікі». Хто ж гэта такія і ці рады ім былі ў Жодзішках?

Мясцовы краязнавец ладзіць таксама сплавы на байдарках па Вяллі. Як зазначае, да яго не едуць прыхільнікі «выпіўкі на прыродзе», а людзі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй. Спадар Алег можа гадзінамі распавядаць пра свае родныя Жодзішкі, якія, як лічыць, былі колісь цэнтрам паганскага культу. Сама ж Вялля была святой ракой для балтаў, пра што сведчаць рэшткі шматлікіх капішчаў і святых гаёў на яе ўзбярэжжы. Ад вяскоўцаў, якія жывуць на Вяллі, спадар Алег занатаваў і легенды пра цмокаў, якія жывуць у пячорах, а калі вылятаюць, то адразу выклікаюць залевы і гром.

Спадар Алег перакананы, што памяць пра сваю гісторыю наўпрост звязана з дабрабытам. У Беларусі не было разлеглых зямельных абшараў, таму людзі жылі пераважна ў невялікіх селішчах: на хутарах, у засценках, ваколіцах, вёсачках і гэтак далей. Калі камуністы сцягнулі ўсіх у калгасы, то парушылі мясцовы традыцыйны ўклад, уласцівы для нашай тэрыторыі. «Таму колькі б не рабілі ўкладанняў у калгасы, усё роўна яны будуць банкрутамі», – падкрэсліў спадар Алег Мізула.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.