Беларуская школа – «аўтобус з дзецьмі без кіравання»


Петыцыя да Аляксандра Лукашэнкі ў абарону школьных педагогаў сабрала ўжо больш за 13 000 подпісаў, а Міністэрства адукацыі пайшло на абмеркаванне праблемаў з аўтарамі дакумента.

Адзін з іх пісьменнік Андрэй Жвалеўскі, у якога настаўнічае дачка і 40 год прапрацавала ў школе маці, кажа, што ўпраўленні, аддзелы адукацыі, закідваючы школьных настаўнікаў папяровай цяганінай і нагружаючы пазаадукацыйнымі абавязкамі, перавышаюць свае паўнамоцтвы.

Пры гэтым чыноўнікі да канца не ведаюць, што адбываецца ў гэтай адукацыйнай «вертыкалі».

«Галіна, ад якой залежыць будучыня нацыі, некіраваная. Гэта нібы школьны аўтобус вязе дзяцей без кіравання», – зрабіў выснову вядоўца «Размовы дня» з удзелам Андрэя Жвалеўскага.

У петыцыі да Лукашэнкі «Абараніце школьнага настаўніка!», апрача павелічэння заробкаў, прапануецца вызваліць настаўнікаў ад запаўнення любых папер, дадаць па два дні адпачынку на кожных вакацыях, зрабіць сумешчаныя выпускныя іспыты і ЦТ галоўным крытэрам працы настаўнікаў і школ, не прымушаць настаўнікаў працаваць па суботах і святах, а таксама заганяць дзяцей на сумныя справаздачныя мерапрыемствы

Падрабязней пра районо як лішняе звяно, пра тое, якім чынам настаўнікі, незадаволеныя падручнікамі і праграмамі, вучаць дзяцей на ўроках «падпольна», чаму маўчаць самі настаўнікі, а за іх даводзіцца заступацца з дапамогай петыцыі звонку – у поўным выданні «Размовы дня» з нагоды Міжнароднага дня настаўніка, які адзначаецца 5 кастрычніка.