Беларуская мова: гісторыя здрады


Ці выжыве беларуская мова, якую знішчалі цягам амаль усёй яе гісторыі, у ХХІ ст.?

Моўная дыскрымінацыя беларусаў мае працяглую гісторыю, якая вымяраецца стагоддзямі. Першыя ўсходнеславянскія дыялектныя рысы, якія стануць асновай беларускай мовы, пачынаюць фармавацца з канца ХІ ст. У пачатку ХІІІ ст. у пісьмовых помніках ужо адрозніваюцца тры ўсходнеславянскія мовы, кожная са сваімі асаблівасцямі – беларуская, украінская і расейская. Гэтае раздзяленне трох моваў стала сведчаннем этнічнай самасвядомасці і стварэння беларускага народа. То бок, беларускай мове – 1000 год.

«Залаты век» нашай культуры і мовы – XIV–XVI ст. – быў настолькі даўно, што падаецца нерэальным, міфічным, прыдуманым, а мара мець «пачэсны пасад між народамі» – нездзяйсняльнаю. Беларуская была афіцыйнаю мовай Канцылярыі Вялікага княства Літоўскага! На ёй размаўляла ўся ўлада – ад палітычнай і рэлігійнай да фінансавай і культурнай. Пісаліся дзяржаўныя дакументы і Статуты ВКЛ. На ёй вялі афіцыйнае і прыватнае ліставанне, судовую практыку, заключалі гандлёвыя пагадненні.

Але куды ўсё гэта знікла? Чаму нашыя суседзі, не ў лепшых за нашыя варунках настваралі за ўсе гэтыя стагоддзі, сотні, тысячы прыкладаў таго, што іх мова жыла, жыве і квітнее? А мы цешымся з адзінага верша міфічнага Паўлюка Багрыма, шукаем патаемнага сэнсу ў «Мужыцкай праўдзе» і перадаем з пакалення ў пакаленне, як мантру, багушэвічава:«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі».

А можа гэта была нейкая іншая беларуская мова? Можа ўсё, што мы маем сёння, – гэта спадчына выключна ХХ ст?: Багдановіч, Купала, Колас, Геніюш, Барадулін, Някляеў? Можа няма нічога дрэннага, каб сказаць сабе: так, мы нацыя, якая паўстала дзякуючы падзеям ХХ ст. Не важна, кім мы былі раней, кім лічылі сябе нашыя продкі, важна, што сёння ёсць Беларусь і мы грамадзяне менавіта гэтай краіны?

Але чаму беларускую мову кожная новая ўлада спрабуе забараніць і выдзерці са штодзённага ўжытку? І царская Расея ў ХІХ ст., забараняючы друкаваць любую літаратуру па-беларуску. І міжваенная Польшча, зачыняючы ў Заходняй Беларусі беларускія школы. І Савецкі Саюз, знішчаючы ў 1930-гады 90% беларускай інтэлігенцыі. Пытанне беларускай мовы для тых, хто прыходзіў кіраваць беларускімі землямі, заўсёды мела вялікае значэнне.

Які лёс чакае беларускую мову ў ХХІ ст.? Пра гэта ў ток-шоу «Intermarium» з Паўлам Мажэйкам дыскутуюць:

  • Алена Маркава, доктар гісторыі, выкладчыца Карлавага ўніверсітэту (Прага, Чэхія)
  • Лявон Баршчэўскі, філолаг, педагог, перакладчык (Менск)
  • Сяргей Запрудскі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту (Менск)
  • Віктар Майсеянка, доктар філалогіі, прафесар Жытомірскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Івана Франка (Украіна)

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»