Беларуская мова аддзяляе ад катаў і забойцаў

Мастак, музыка, лідар гурта «Recha» Андрусь Такінданг асэнсоўвае беларускія пратэсты і тлумачыць прычыны запатрабаванасці беларушчыны.

Андрусь Такінданг гадаваўся на нацыянальных каштоўнасцях. Калі пайшоў у школу, Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг былі дзяржаўнымі сімваламі. У дзяцінстве слухаў беларускую музыку. Маці гаварыла з ім па-беларуску. У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, дзе вучыўся Андрусь, было шмат беларускамоўных настаўнікаў. Так любоў да беларушчыны перадалася і яму.

Раней Андрусь думаў, што ў яго мала аднадумцаў, што беларусы – самотнікі, падзеленыя на не звязаныя паміж сабою групкі. Таму прыемнаю неспадзяванкаю выявіўся выбух сацыяльнай актыўнасці ўлетку і ўвосень 2020 года, усплёск цікавасці да нацыянальнай культуры, «голад на культуру». Андрусь вельмі цешыцца, што яму пашанцавала жыць у такі час, хоць і разумее, якая небяспека вісіць над пратэстоўцамі.

«Вядома, цяпер час трагедыяў. Час шчасця і вялікіх трагедыяў. Але такі кошт свабоды, – разважае Андрусь. – Мы апынуліся ў такой гістарычнай сітуацыі, што, каб быць свабоднымі, нам трэба пераадолець свой страх. А пераадольваць ёсць што».

Рэпрэсіі зазнаў і гурт «Recha»: 7 лістапада пасля аднаго з дваравых канцэртаў музыкаў затрымалі. За «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» суддзя Фрунзенскага суда Менску Ю. Крэпская адправіла іх за краты на 15 содняў.

Важную ролю, на думку Андруся, адыгрывае беларуская мова. Яна зрабілася своеасаблівым спосабам адмежавацца ад катаў і забойцаў на службе рэжыму.

«У людзей з’явілася патрэба неяк сябе ідэнтыфікаваць. Каб аддзяліць сябе ад садыстаў, забойцаў, злачынцаў. Сказаць, што гэта – не мы, а мы – вось такія. А якія мы? І таму ёсць запатрабавання ў музыках, мастаках, штодня адбываюцца дваравыя канцэрты… У людзей ёсць голад на культуру», – тлумачыць сваю думку музыка.

Пра беларускую рэвалюцыю 2020 года і дваравыя канцэрты як рэнесанс цікавасці да беларускай музыкі, пра пераадоленне страху і беларускую мову як пазіцыю ды сродак камунікацыі – у інтэрвʼю Андруся Такінданга.

У граматычнай частцы разбіраемся ў скланенні прозвішчаў на -ка і падбіраем адпаведнікі вядомаму выразу «Белорусы, вы невероятные».

Вядоўца перадачы – Алеся Літвіноўская.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Дуэт «Арыстакратычная бледнасць» паказаў, як лупіць трасянкай

Беларуская мова вярнулася ва ўжытак. Ды яшчэ як!

Ян Грыб – герой беларускіх пратэстаў

Не шануем беларускага – маем «крэпкага арэшка»

Хто сышоў і хто застаўся ў Купалаўскім тэатры? Размова з Зояй Белахвосцік

Ніна Багінская разбурае «муры» ці «сцены»?

Наста Шпакоўская cышла з тэатру, каб не граць для лукашыстаў

Спяваем, бо няма моцы маўчаць, або Беларускі культурніцкі пратэст