Беларуская карупцыйная піраміда. Расследаванне «Белсату»


Цягам сезону каманда «Давайце разбірацца» расследавала асобныя карупцыйныя схемы ў розных галінах беларускай эканомікі. Цяпер мы сабралі кавалкі мазаікі ў агульную карціну ды атрымалі ўяўленне, куды ідуць асноўныя грашовыя плыні, незаконна выпампаваныя з бюджэту, і дзе сядзяць іх канчатковыя бенефіцыяры. Як адмываюцца дзяржаўныя мільёны ды як на нашыя расследаванні адрэагавалі іх фігуранты? Глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца».

Рэакцыі фігурантаў

Па выніках гэтага сезону расследаванняў мы атрымалі тры разгорнутыя рэакцыі ад нашых фігурантаў. Адныя з іх вінавацілі нас у некарэктнасці. Іншыя проста спрабавалі падрабязна прэзентаваць свой бок. Паколькі ў відэафармат нашай праграмы цалкам іхныя адказы не змясціліся, мы прыводзім гэтыя рэакцыі ніжэй, з нашымі каментарамі.

«Распіл» на рэканструкцыі «Дынама»

Гэтак, Будтрэст № 1 у адказ на нашае расследаванне пра рэканструкцыю «Дынама» звінаваціў нас у маніпуляцыях. Па-першае, на думку дзяржаўнай арганізацыі, некарэктна параўноўваць кошт стадыёну «Дынама» з падобнаю пляцоўкаю – стадыёнам «Альянц» у Вене, які абышоўся ўтрая танней. У прыклад яны прыводзяць шэраг іншых еўрапейскіх стадыёнаў, чыя будоўля каштавала яшчэ больш за рэканструкцыю «Дынама». Праз спасылку ніжэй можна прачытаць поўны тэкст звароту Будтрэсту і каментар журналіста by.tribuna.com, які тлумачыць, што прыведзеныя прыклады не аспрэчваюць нашага расследавання а, наадварот, яго пацвярджаюць.

Таксама ў той жа спасылцы Будтрэст адмаўляе дачыненне свайго менеджара – намесніка генеральнага дырэктара Андрэя Мархеля – да прыватнай фірмы «БелБудРэканструкцыя», якая атрымлівае ад Будтрэсту № 1 шматмільённыя падрады з 2016 года да сёння. Больш за тое, яны ўказваюць, што супраць Андрэя Мархеля распачалі крымінальную справу, але суд яго апраўдаў. З нашых каментароў да гэтых адказаў вы аднак зразумееце, што пэўныя сувязі паміж кіраўніцтвам Будтрэсту і яго прыватнымі падрадчыкамі застаюцца.

Расследaванні
Схемы «распілу» грошай на рэканструкцыю «Дынама». Расследаванне «Белсату»
2020.03.26 19:05

Поўны тэкст звароту Будтрэсту № 1 у рэдакцыю «Белсату» і нашыя да яго каментары можна пачытаць тут.

Беларускі фармагедон

Кіраўніцтва фармацэўтычнага прадпрыемства «Націвіта» ў часе нашага расследавання пра кошты супрацьракавых лекаў, якія вышэйназваная фірма пастаўляе «Белфармацыі», ад каментара на камеру адмовілася, аднак свой погляд на сітуацыю працаўнікі выклалі ў лісце, які знойдзеце праз спасылку ніжэй.

Расследaванні
Хто і як зарабляе на цяжкіх хваробах беларусаў? Расследаванне «Белсату»
2020.04.23 20:05

Так, прадстаўнікі «Націвіты» прызналі, што прадукуюць джэнэрыкі, на якія не праводзілі біяэквівалетнасці (даследавання на бяспечнасць). Акрамя гэтага, мы прасілі патлумачыць кошты закупаў, па якіх ажыццяўляліся пастаўкі «Белфармацыі» ды якія ў некаторых пазіцыях перавышаюць раздробныя кошты ў 13 разоў. Аднак адказ нам на гэтыя пытанні кіраўніцтва «Націвіты» даць так і не здолела.

Поўны тэкст адказу «Націвіты» на нашыя пытанні і нашыя да яго каментары можна пачытаць тут.

Пункт гледжання залежыць ад месца сядзення

Падчас нашага расследавання, прысвечанага забудове ў цэнтры сталіцы, што ажыццяўляецца з парушэннямі заканадаўства ды інтарэсаў грамадзянаў, мы накіравалі ліст у фірму «Лект». Яна пабудавала офісны будынак, а паркоўку пад яго патрэбы пастанавіла пабудаваць у санітарнай зоне і адначасова на тэрыторыі каля дому, пад вокнамі шматпавярховіку.

Расследaванні
Як улюбёныя хакеісты Лукашэнкі становяцца доларавымі мільянерамі
2020.02.27 19:05

Размаўляць пры асабістай сустрэчы кіраўнікі «Лекту» катэгарычна адмовіліся, аднак ужо пасля здачы праграмы даслалі нам ліст. У якім адзначылі, што дазвол на будоўлю атрымалі ад Менскага гарвыканкаму 21.11.2018. Супаставіўшы дакументы, якія мы мелі, стала відавочна, што дазвол выдаваўся ў абыход заканадаўства. А змены ў дэталёвы план будаўніцтва, у якім будоўля паркінгу не прадугледжвалася, уносіліся постфактум, ён змяняўся пад патрэбы бізнесоўцаў. Змянялася пад патрэбы бізнесоўцаў і заканадаўства. Так, праект ухвалілі ў абыход будаўнічых нормаў.

Поўны тэкст адказу «Лекту» на нашыя просьбы пракаментаваць сітуацыю і нашыя да яго каментары можна паглядзець тут.

Новыя расследаванні праграмы «Давайце разбірацца» глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum