Беларуская АЭС: небяспечная і непатрэбная авантура


Ужо да канца году на БелАЭС у Астраўцы мусяць завезці ядравае паліва. Ці гатовая станцыя да запуску? Што будзе правяраць місія МАГАТЭ, якая сёння пачала свой візіт на АЭС? Ці не позна яшчэ адмовіцца ад «мірнага атаму»? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае госця «Размовы дня» са Святланай Калінкінай старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева.

«Беларуская АЭС будуецца па-за ўсялякай эканамічнай і тэхналагічнай логікай», – сцвярджае старшыня партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева і дадае, што гэта не прыватнае меркаванне, а высновы, зробленыя на падставе глыбокага аналізу.

Пазітыўны вобраз «будоўлі стагоддзя», які ствараецца дзяржаўнымі СМІ, не адпавядае рэчаіснасці і будуецца на маніпуляцыях. Адна з самых відавочных – акцэнт на тым, што АЭС прайшла стрэс-тэсты.

«Казаць пра тое, што Беларусь прайшла стрэс-тэсты паспяхова, гэта ўвогуле не карэктна, таму што гэта не экзамены, якія можна прайсці паспяхова ці не паспяхова. Стрэс-тэсты – гэта працэдуры, якія дзяржава прыходзіць добраахвотна. Пасля Фукусімы гэта працэдура была створаная, калі еўрапейскія атамныя станцыі ды іншыя станцыі пачалі аналізаваць свае праекты: ці прадугледжаны ў іх пэўныя рызыкі па вельмі вузкім спісе параметраў», – патлумачыла Анастасія Дарафеева.

Па сутнасці, стрэс-тэсты мусяць вызначыць, наколькі праект, а не канкрэтная АЭС, адпавядаюць некаторым спецыфічным нормам бяспекі.

Анастасія Дарафеева называе АЭС у Астраўцы дарагой і небяспечнай авантурай і лічыць, што пакуль на станцыю не завезена ядравае паліва, яшчэ не позна адмовіцца ад яе.

«На якой кропцы з гэтай авантуры не саскочыць, да таго, як будзе запушчаны вось гэты працэс, які ўжо незваротны, з любой кропкі будзе больш танна вярнуцца і страціць гэтыя грошы, чым потым разграбацца на працягу вельмі вялікага часу з усімі наступствамі», – выказалася Анастасія ў эфіры праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай.

Фота – Васіль Малчанаў / «Белсат»