Беларускамоўная Снягурка: каб трапіць у дзіцячы садок, патрэбны стос дакументаў


Госця «Размовы» ўжо шмат гадоў працуе аніматаркай і распавядае пра падводныя камяні гэтага бізнесу.

Мяккая беларусізацыя, на якую шмат хто робіць стаўку, закранае пераважна свет дарослых. Госця ж «Размовы» Віталя Цыганкова, аніматарка Вераніка Савось, ужо шмат гадоў ладзіць дзіцячыя святы на беларускай мове.

Найчасцей яна выконвае ролю клоўна або Феі, а падчас навагодніх святаў – Снягуркі. Замоваў хапае як ад беларускамоўных бацькоў, гэтак і ад расейскамоўных. А вось трапіць у дзіцячы садок, нават калі бацькі пісьмова выразілі сваю згоду, няпроста.

«І мне, і дзіцячаму садку трэба прадставіць вельмі шмат дакументаў, – гаворыць Вераніка Савось, паказваючы ў студыі складзены чыноўнікамі спіс, які займае паўтары (!) старонкі фармату А4. – Нават калі дакументы гатовыя, яны [чыноўнікі – рэд.] прыдзіраюцца да ўсяго».

Гэтак, сёлета ў раённым аддзеле адукацыі не спадабалася, што ў згодзе на тое, каб запрасіць аніматара, падпісанай бацькамі, побач з прозвішчамі замест імёнаў ды імёнаў па бацьку былі традыцыйна пазначаны ініцыялы. Летась ініцыялаў было дастаткова, а тут давялося перарабляць.

«Атрымліваецца, трэба бацькоў прасіць зноў падпісаць паперу, бо гэтая ў раённым аддзеле адукацыі не спадабалася. Гэта выглядае вельмі дзіўна. І гэта толькі адзін дакумент», – прыводзіць прыклад госця студыі.

Апрача гэтага, высвятляем:

  • Святы для дзяцей па-беларуску – гэта актуальна?
  • Ці патрэбныя на беларускім свяце Дзед Мароз і Снягурачка?
  • Чаму дзяржаўныя ўстановы аддаюць перавагу святам «як ва ўсіх»?

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас:

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.
А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.