«Беларускага шпіёна» Юрыя Палітыку падставіў украінскі сябар?


Журналістка «Белсату» прысутнічала на папярэднім слуханні па справе беларуса Юрыя Палітыкі, якога абвінавачваюць у шпіянажы, і дзеліцца сваймі назіраннямі.

Паводле Кацярыны Андрэевай, самым нечаканым было тое, што Юры Палітыка, які напачатку адказваў па-расейску на пытанні журналістаў, у ходзе папярэдняга паседжання запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову.

«Дакладней запатрабавалі яго адвакаты. Прысутнічаў старэйшы саветнік амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бобаў. Ён адзіны з дыпламатаў, хто пакуль што прысутнічае на папярэднім працэсе. Ён выказаўся даволі выразна і адназначна, што амбасада падтрымлівае беларускага грамадзяніна. І назваў тое, што сталася з Юрыем Палітыкаю, правакацыяй з боку нейкіх ягоных знаёмых ці сяброў, што яго падставілі».

Таксама яна дадае, што паспрабавала запытаць Юрыя, які чалавек яго нібыта падставіў.

«Ён сказаў, што не гатовы назваць імя гэтага чалавека. Але сказаў, што гэта грамадзянін Украіны і ён з Чарнігава. Эксперты выказваюць меркаванне, што гэты працэс адбываецца люстэркава, бо пачалі судзіць украінскага журналіста Паўла Шаройку ў Менску. Аднак той працэс праходзіць за зачыненымі дзвярыма. Некаторыя тут выказваюць меркаванне, што гэты працэс можа быць засакрэчаным далей. Калі адзін з бакоў, ці то абвінавачвання, ці то абарона запатрабуюць гэтага».

Больш глядзіце ў відэа.