Мaю прaвa Беларускае багацце патанае ў гноі


Вёска Брусы Мядзельскага раёну месціцца на мяжы з Нацыянальным паркам Нарачанскі. Але вяскоўцы ўжо забыліся, што такое свежае паветра. Мікалай Калачоў тлумачыць, чаму так здарылася.

«Тут ёсць гаспадарка свінагадоўлі. Вось гэта сапраўдны бізун для ўсяго наваколля. Як толькі задзьме вецер з поўначы, усё набягае сюды!», – кажа Мікалай.

Смурод узмацняецца ўвечары. Ды так, што немагчыма ўратавацца анідзе.

«Нават у хаце! Калі вопратку сушым, апранаеш яе на працу, а яна смярдзіць… гэным, – распавядае жыхар в. Брусы Казімір Таразевіч. – У машыне едзеш, нібы таксама ў машыне гэна… ну, вы самі разумееце! Такі смурод…»

Уладзімір Ільяш кажа, што паходы да мясцовых чыноўнікаў праблемы не развязваюць.

«Мы не ведаем, куды нават звяртацца. Калі ірвуцца да ўлады, усе абяцаюць: вось мы вам зробім… Калі прыйшлі да ўлады, яны на людзей забываюцца!», – абураецца мужчына.

Яшчэ нядаўна чыстая, вада ў вясковых студнях цяпер мае сур’ёзнае перавышэнне нітратаў. Станіслаў Таспаеў, каардынатар «Зялёнага дазору», разам з вяскоўцамі бярэ пробы вады.

«Ну вось, мы ўжо бачым, у вас ужо норма, а яшчэ мінула менш за хвіліну. Вось ужо пачынае перавышаць. То недзе ў два разы ў вас будзе перавышэнне. Адназначна я б такую ваду піць не стаў!», – кажа адмыслоўца.

За дзень да прыезду здымачнай групы«Маю права» навакольныя палеткі пачалі араць. Да гэтага іх літаральна залівалі гноем. Разам са Станіславам Таспаевым накіроўваемся ў бок свінакомплексу. Па дарозе наведваем лясное возера – раней улюбёнае месца вяскоўцаў павудзіць карася. Цяпер сюды ўжо ніхто не ходзіць.

«Усё тут заліта гноем. І літаральна за некалькі метраў месціцца сам свінакомплекс і ачышчальныя збудаванні. Бачна, што нават сосны не вытрымліваюць – выгарае ўся расліннасць, дрэвы. Тут папросту нейкія могілкі…», – здзіўляецца Станіслаў.

Каб даведацца, чаму такая колькасць гною трапляе ў навакольнае асяроддзе, мы патэлефанавалі галоўнаму інжынеру гаспадаркі «Брусы» Аляксандру Ціхічу.

«Нас кантралююць усе органы: інспекцыя пры прэзідэнце, Менская абласная інспекцыя, санстанцыя… У нас бяруць аналіз паветра. Мы працуем паводле закону Рэспублікі Беларусь», – запэўнівае Аляксандр Ціхіч.

Наталля Парэчына з Цэнтру экалагічных рашэнняў раіць вяскоўцам штодня пісаць калектыўныя скаргі ў Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ды не забываць пра іншыя інстанцыі. Працаўнікі Цэнтру экалагічных рашэнняў ужо некалькі разоў выязджалі на свінакомплекс «Брусы» і фіксавалі нямала парушэнняў.

«Сітуацыя ніякім чынам не змянілася, праблема застаецца на тым самым узроўні, на якім яна была ў мінулым годзе. Таму мы таксама будзем дзейнічаць у гэтым напрамку – дапамагаць мясцовым жыхарам вырашаць іхныя пытанні», – адзначае Наталля Парэчына.

Атрутная вада стала апошняю кропляй для жыхароў вёскі Брусы. Бліжэйшым часам яны накіруюць калектыўны зварот ува ўсе органы кантролю.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Слуцку жыхары пад’езду пакутуюць ад адной асобы
  • Беларусы – пра адносіны з суседзямі
  • Працаўніцы крамы «Дамавы» дабіваюцца выканання судовага рашэння
  • У сталіцы пад забудову знішчылі ўнікальны гай

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары