Беларуска вяжа дываны і прадае ў Стамбуле


Як Кацярыне Більгін удалося знайсці пакупнікоў у Стамбуле з ягонымі неверагоднымі рынкамі і велізарным асартыментам?

Гераіня першага сюжэту праграмы «Беларускі свет» паехала ў Турэччыну падарожнічаць, а знайшла мужа. Прыгожую гісторыю знаёмства яна распавяла нашай здымачнай групе, якая пабывала ў Стамбуле яшчэ перад абвяшчэннем пандэміі каронавіруса:

«Мы пазнаёміліся падчас адпачынку ў Антальі. Ён дапамог мне ў вельмі цікавай сітуацыі. Я прыляцела адпачываць у Турэччыну без зваротнага квітка, каб пападарожнічаць і паглядзець розныя месцы. Я не ведала, калі вярнуся: была ў свабодным палёце».

Калі Кацярына вырашыла вяртацца дадому, замовіла квіток на самалёт праз інтэрнэт. І толькі ў працэсе набыцця зразумела, што на банкаўскай картцы закончыліся грошы. Яна пачала шукаць дапамогі сярод расейскамоўных турыстаў. Наяўныя грошы ў яе былі, і яна прасіла ўзяць іх узамен за аплату квітка банкаўскай карткай. Але людзі не хацелі ўпісваць свае рэквізіты: баяліся падману. Адзіным чалавекам, які згадзіўся гэта зрабіць, быў будучы муж Кацярыны.

Праз год жыцця на дзве краіны яна пераехала ў Стамбул. Прапанову рукі і сэрца атрымала проста ў аэрапорце. У Беларусі Кацярына працавала ў транспартнай лагістыцы. Але працягваць кар’еру ў Турэччыне не стала: муж лічыць, што зарабляць грошы павінен ён, а задача жонкі – займацца домам і дзецьмі.

Так Кацярына знайшла сваё хобі: вязаць дэкаратыўныя рэчы для дому. На адзін дыван сыходзіць ад трох дзён да тыдня. Туркам, гаворыць яна, вязаныя рэчы вельмі падабаюцца, але плаціць за ручную працу яны не гатовыя. Таму большасць ейных кліентаў – расейскамоўныя жыхары Стамбулу.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Рэпартаж пра адзіную ва Украіне краму «Беларускі лён», якая месціцца ў Адэсе.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.