Беларусізацыя сярэдняй школы: новая спроба


Таварыства беларускай мовы выступіла з ініцыятывай стварэння беларускамоўных гімназій у кожным раёне Беларусі. Пачаць прапанавана са Стаўбцоўскага і Нясвіжскага.

Педагог, заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас згадвае пачатак 1990-х гадоў, калі абвешчаная рэформа адукацыі мела адным з галоўных пунктаў беларусізацыю. Тагачасны міністр адукацыі Міхаіл Дзямчук казаў, што праз 10 гадоў у 99% школ усе прадметы будуць выкладацца па-беларуску.

«Але ўсе пайшло іншым шляхам, бо мы так і не здолелі пераадолець інерцыю сістэмы», – кажа Колас. Адзначае ён і як памылку «радыкалізм тых, хто хацеў, каб па-беларуску загаварылі ўсе і адразу, заўтра».

На думку Коласа, беларускамоўныя гімназіі павінны стаць элітарнымі навучальнымі ўстановамі з лепшымі настаўніцкім кадрамі. І абавязкова як лагічнае звяно павінен быць створаны Нацыянальны ўніверсітэт.

Ці паспрыяе паўставанню беларускамоўных гімназій у кожным раёне краіны дэпутацтва намесніцы старшыні ТБМ Алены Анісім? Ці гатовыя настаўнікі, якія ўжо бачылі, як беларусізацыя адкручваецца назад? Які працэнт беларускіх сем’яў настроеныя, каб дзеці вучыліся па-беларуску?

Падрабязней – у «Размове Сцебуракі».

belsat.eu