Сюжэт пра Валера Мартынчыка з праграмы «Беларускі свет»
Штучнае сэрца ён стварыў з выкарыстаннем дыёдаў, якія вырабляе ў Канадзе іншы эмігрант з Беларусі – ягоны брат.
Стрыечны брат, які эміграваў у Канаду яшчэ на пачатку 1990-х, даведаўся пра Валера Мартынчыка з інтэрнэту і прыехаў да яго ў Лондан. «Нашыя дзяды былі родныя браты ў вёсцы Дамантовічы ў Беларусі (Капыльскі раён Менскай вобласці – рэд.)».
Браты пачалі супрацоўнічаць, і гэтак паўстала 2-метровае штучнае сэрца, якое трапіла на выставу ў Сінгапур. Яно б’ецца і пераліваецца рознымі колерамі, дзякуючы дзесяці праграмам, якія абслугоўваюць гэтыя працэсы. Сэрца было самым фатаграфаваным абʼектам выставы. Яно гэтак і засталося ў Сінгапуры – яго набыў адзін з тамтэйшых калекцыянераў.
Працы Валера Мартынчыка можна знайсці ў калекцыях па ўсім свеце: у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Аўстраліі, ЗША, Канадзе. Не ацанілі яго толькі ў роднай Беларусі. Сёння яму семдзесят, і за ўсё дзе жыццё ён не меў ніводнай персанальнай выставы на радзіме.