Беларус, які служыць у войску ЗША: я быў савецкім патрыётам


Сюжэт пра беларуса ў амерыканскім войску пачынаецца на 7:55 хвіліне выдання

Як беларус трапіў у амерыканскае войска, распавядае праграма «Беларускі свет».

«Я быў шараговым інжынерных войскаў на Кольскім паўвостраве. Мяне забралі ў 1983 годзе, – узгадвае маладосць сяржант Нацыянальнае гвардыі Зміцер Левіт. – Я быў малады і дурны, з прамытымі мазгамі. Быў савецкім патрыётам, лічыў, што хлопец павінен служыць».

Але ад налёту рамантыкі хутка не засталося і сляда: служба ў савецкім войску падалася двума гадамі турмы.

Пры незалежнай Беларусі Зміцер Левіт працаваў у рэдакцыі газеты «Навіны Беларускага народнага фронту», займаўся распаўсюдам. Паспеў атрымаць некалькі штрафаў. Пасля па запрашэнні цёткі з’ехаў у ЗША. Спадзяваўся распачаць уласны бізнес, каб працаваць з Беларуссю. Але жыццё нашага героя, як сам ён сцвярджае, змяніла зусім іншае: тэракты на Мангэтане 11 верасня 2001 года.

«Я вельмі раззлаваўся, што ў мой горад прыйшлі забойцы, хацеў, так бы мовіць, адпомсціць. І пайшоў у пункт набору ахвотных служыць у марской пяхоце. Сказаў, што хачу пайсці ў войска. Мне было 36, таму мне сказалі, што я застары, і параілі звярнуцца ў Нацыянальную гвардыю», – распавядае Зміцер Левіт.

У выніку яго ўзялі ў транспартныя войскі: «У пяхоце я проста не вытрымаў бы нагрузак. Мая спецыяльнасць – кіроўца цяжкай тэхнікі». Ягоная рота пабывала на 1-й і 2-й іракскіх войнах, у Афганістане. Там спадару Змітру пабываць не давялося, але нядаўна яго перавялі ў сапёрны батальён.

Пытаемся, ці не баіцца ён трапіць на вайну.

«Я – жаўнер, – адказвае суразмоўца. – Тут гэта дабравольна, ніхто не прымушае ісці ў войска. Калі баішся трапіць на вайну, проста не ідзі ў войска».

У гэтым выданні «Беларускага свету» вы таксама пазнаёміцеся з блогерам і падарожнікам Уладам Магам, які перабраўся жыць з Менску ў Ерэван, і Лукашам Леанюком, які варыць піва ў Польшчы.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

ІА, belsat.eu, на перадпраглядзе: сяржант Нацыянальнае гвардыі Зміцер Левіт. Фота з асабістага архіву