Беларусь стане звалкаю радыеактыўных адкідаў


Сёлета пачне працаваць першы энергаблок Беларускай атамнай станцыі. Цяпер будаўніцтва БелАЭС амаль завершанае, і ў Астраўцы зладзілі сход, каб абмеркаваць, што рабіць з адпрацаваным ядравым палівам.

Паводле экалагічнага дакладу, падрыхтаванага айчыннымі навукоўцамі, ёсць тры варыянты захоўвання ядравых адкідаў. Кожны з іх прадугледжвае, што адпрацаванае паліва будзе захоўвацца на тэрыторыі нашае краіны. Мясцовыя жыхары, прысутныя на сходзе, марна спрабавалі даведацца, дзе праводзіліся гэтыя даследаванні.

Дзе канкрэтна, агучана не было. Алій Малыхін з Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядравых даследаванняў намагаўся растлумачыць прысутным на слуханнях пазіцыю навукоўцаў:

– Там праведзены поўны комплекс геалагічны, гідралагічны, геолага-гідралагічны… Дзе яны?

– Дзе гэтыя тры кропкі? Канкрэтна! Шульнік? Або каля Варнянаў?

– Ну, не памятую…

Не прагучала адказаў і на шэраг іншых важных пытанняў. Арцём Быстрык з Беларускай партыі «Зялёныя» запытаў прадстаўнікоў АЭС пра аварыі пры транспартаванні ядравых адкідаў:

«У дакладзе сказана, што апошнім часам у Расейскай Федэрацыі абсалютна не было ніякіх аварыяў у гэтым працэсе транспартавання адходаў. Ну гэта не зусім так, ёсць інфармацыя, што там былі дзясяткі аварый. Наколькі сур’ёзна гэта можа быць успрынятае? Гэта ж вельмі небяспечна».

Аляксандр Парфёнаў, намеснік галоўнага інжынера ў бяспецы і надзейнасці АЭС адказаў, што яму не вядомыя падобныя выпадкі і папрасіў спадара Быстрыка спаслацца на факты.

Актывісты таксама намагаліся даведацца, колькі будзе каштаваць Беларусі ўтылізацыя ядравых адкідаў, але марна. Анатоль Бондар, галоўны інжынер Беларускай АЭС, адказаў на гэтае пытанне вельмі коратка:

«Усе камерцыйныя пытанні – гэта камерцыйная таямніца. І вы павінны разумець гэта і не правакаваць нас на адказы. Безумоўна, мы прыкладна ведаем гэтую суму».

Ці ўсё ж такі людзі атрымаюць адказы на свае пытанні?

«Мы пачалі працэдуру грамадскіх слуханняў 17 снежня. Натуральна, на ўсе пытанні, якія да нас трапілі, мы адказваем, а ўсе прапановы ўлічваем. Тыя, якія канструктыўныя, канечне, будзем дапрацоўваць», – запэўніла Лілія Дулінец з дэпартаменту ядравай энергетыкі Міністэрства энергетыкі.

Такая вось адкрытасць да грамадскае думкі – шкада толькі, што на тым этапе, калі трэба змагацца з наступствамі, а не прымаць рашэнні. І ўсе гэтыя пытанні варта было развязваць значна раней.

«Калі не было магчымасці ўсур’ёз, па сапраўднаму, абмеркаваць рашэнне аб будаўніцтве АЭС, то цяпер мы абмяркоўваем пытанні, ад якіх нікуды не падзецца. Калі АЭС увядзецца, будуць радыеактыўныя адкіды. Іх усё роўна давядзецца кудысьці падзець», – кажа Ірына Сухій з грамадскай арганізацыі «Экадом».

Першае адпрацаванае ядравае паліва з’явіцца праз чатыры гады пасля запуску станцыі. Аптымальнага рашэння, што рабіць з гэтымі адкідамі, на гэты момант так і няма.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары занепакоеныя абліччам сталіцы
  • Паспяховы прыклад супрацьстаяння менчукоў гарадскім уладам
  • Менчукі – пра ўшчыльненне Менску
  • Праз бюракратычныя разборы дарослых дзіця не наведвае школы

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.