Беларусь – НАТО: «Абы не было вайны». «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


https://vimeo.com/256193083

У новым выданні – пра тое, як палякі мадэрнізуюць наш Нацыянальны банк за грошы з Бруселю, што робіць Беларусь, каб не было вайны і як разгром расейскіх наймітаў у Сірыі адаб’ецца на Украіне.

Флірт Беларусі з Захадам. Рэпартаж з канферэнцыі па стасунках Беларусі з НАТА

На гэтым тыдні паралельна ў Менску і Вашынгтоне гучалі заявы пра небяспеку побач з нашымі межамі. Яшчэ раз стала ясна, што гісторыя Беларусі – гісторыя трагедыяў і кампрамісаў – працягваецца. Як 300, 200 або 100 гадоў таму нашая зямля была месцам канфліктаў вялікіх краінаў – нічога не змянілася і сёння. Толькі цяпер мала быць нейтральнымі. Эксперты, якія сабраліся ў Варшаве на канферэнцыі «НАТА – Беларусь. Лепшае разуменне дзеля ўпэўненасці ды стабільнасці», які зарганізаваў «Беларускі дом», кажуць, што Беларусі трэба прыкладаць усе намаганні, каб канфлікт паміж Захадам і Усходам не адбыўся. Ці Менск дае рады – спраўджваў Дзяніс Дзюба.

Эксперт: «Беларусь плоціць высокую цану за адсутнасць гарачай кропкі»

Лукашэнка гэта марыянетка Пуціна ці не? Якія дзве пазіцыі па Беларусі распаўсюджаныя ў Кіеве? Інтэрв’ю з Максімам Хілько, кіраўніком Ініцыятывы па даследаванні бяспекі ва Усходняй Еўропе (Украіна) пра беларускіх міратворцаў, сітуацыю на Данбасе і тое, як разгром расейскіх наймітаў у Сірыі можа адбіцца на Украіне.

Палякі, немцы і літоўцы мадэрнізуюць беларускі Нацыянальны банк

Санкцыі Еўразвязу супраць Беларусі адмянілі і цяпер нашая краіны можа ўдзельнічаць у большай колькасці праектаў фінансаваных з Бруселю. Нашыя суседзі выкарысталі вакно магчымасцяў і пастанавілі мадэрнізаваць Беларускі нацыянальны банк. Такую мэту сабе паставілі аўтары і ўдзельнікі новага беспрэцэдэнтнага праекту цэнтральных банкаў Польшчы, Літвы ды Нямеччыны. У Менску ўжо стала працуе польскі эксперт і адбыліся першыя візіты. Якія канкрэтныя мэты праекту, колькі ён каштуе і што ад супрацы банкіраў суседзяў могуць атрымаць беларусы? Інтэрв’ю з Агатай Лагоўскай, дырэктарам дэпартаменту замежнай супрацы Нацыянальнага банку Польшчы.

Свята за чужы кошт. Паўночная Карэя пускае пыл у вочы свету на Алімпіядзе

Зімовая Алімпіяда ў паўднёвакарэйскім Пхёнчгангу дайшла да сярэдзіны і ўсё яшчэ прыцягвае ўвагу ўсяго свету. Але не да колькасці медалёў, а хутчэй да ваенна-палітычных абставінаў спаборніцтваў. Яшчэ пару месяцаў таму насельніцтва Паўднёвай Карэі, Японіі і нават амерыканскіх Гаваяў адпрацоўвала эвакуацыю ў бамбасховішчы ад ядравага ўдару Кім Чэн Ына. А сёння гаспадары і госці Алімпіяды пляскаюць чырлідаркам з КНДР. Дык няўжо спорт прынёс мір? Матэрыял Яраслава Сцешыка.

Слова не верабей. Палітык вылеціць – потым не зловіш

Слова, як вядома, не верабей. І неаднойчы прыводзіла да гучных адставак у сусветнай палітыцы. Апошні скандал адбыўся ў Нідэрландах. Міністр замежных справаў краіны публічна прызнаўся ў хлусні – і пакінуў сваю пасаду.
Сітуацыя, якую цяжка ўявіць у нашай краіне. Чаму ў Еўропе чыноўнікі адказваюць свае словы ды ўчынкі, а ў нас не –высвятляла Вольга Жарнасек.