Беларусь можа чакаць серыя дэфолтаў. Эканоміка з Чалым


Вернемся ў 2011-ты ці будзе яшчэ горш? Што адбываецца ў беларускай эканоміцы і што нас чакае ў бліжэйшыя месяцы? Адказы на гэтыя пытанні – у новым выданні праграмы «Давайце разбірацца».

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, найлепшае выйсце з сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, – гэта перамовы. Але Каардынацыйную раду, якая прапаноўвае гэты шлях, улады ўспрымаюць як злачынную арганізацыю. Аляксандр Лукашэнка гатовы размаўляць толькі з працоўнымі дзяржаўных прадпрыемстваў, паколькі страйкі зрабілі на ім моцнае ўражанне, ён такога не чакаў.

«Лукашэнку, хутчэй за ўсё, і напалохала забастоўка шахцёраў «Белкалію». Таму што гэта прадпрыемства, якое забяспечвае валютны паток, ад якога краіна цяпер залежыць вельмі моцна. Таму што страта даверу, да таго як праводзіцца эканамічная палітыка і наагул да палітыкі, азначае тое, што крыніц паступлення валюты становіцца менш», – заўважае Сяргей Чалы.

Ён падкрэслівае, што самы галоўны фактар у эканоміцы – гэта давер. Давер замежных інвестараў, айчынных інвестараў да таго, якая ў краіне праводзіцца палітыка і давер саміх грамадзянаў да ўлады. І сёння адсутнасць гэтага даверу выліваецца ў фінансавы крызіс.

«Відавочна, што Нацбанк рыхтуе банкаўскую сістэму да магчымага існавання ва ўмовах недахопу валюты на рынку. Я зусім не выключаю, што мы ўбачым нешта падобнае да сакавіка 2011 года», – дадае Сяргей Чалы.

Калі ў гэтай сітуацыі нічога не зменіцца, мяркуе эканаміст, мы можам ператварыцца ў «маленькую Аргенціну, у краіну серыйнага дэфолту»:

«Мы здзейснім дэфолт, але ўсё роўна не атрымаем столькі рэсурсаў, колькі патрэбна эканоміцы. Усё роўна вонкавы доўг будзе далей расці». У выніку Беларусь можа ператварыцца ў надакучлівага суседа, які ходзіць і пастаянна просіць, каб яму пазычылі грошай.

А што калі Лукашэнка сыдзе, пакінуўшы нам эканоміку, якую цяжка будзе рэанімаваць? Ці рэальна ў такой сітуацыі будзе прыцягнуць інвестараў? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Давайце разбірацца. Эканоміка з Чалым» са Станіславам Івашкевічам і Сяргеем Чалым.

Belsat.eu