Беларусь мае шанец атрымаць грошы за незапуск БелАЭС


Афіцыйны Менск называе Астравецкую АЭС надзеяй на энергетычную незалежнасць краіны. А адмыслоўцы ў экалогіі – марнаваннем грошай, экалагічнай і эканамічнай пасткай. Чые аргументы мацнейшыя і ці сапраўды ад спынення АЭС мы можам атрымаць выгоду, у «Размове» з экаактывісткаю Анастасіяй Дарафеевай спрабуе разабрацца Віталь Цыганкоў.

Са словаў экалагічнай актывісткі Анастасіі Дарафеевай, беларуская атамная электрастанцыя – палітычны праект, які не нясе ніякай эканамічнай палёгкі ды жаданай энергетычнай незалежнасці. Госця студыі падкрэсліла, краіны Еўрапейскага Звязу прынялі стратэгію адмовы ад «бруднай энергіі». Выкарыстоўваючы неэкалагічную энергію, Беларусь не зможа экспартаваць яе і нават прадаваць па добрых цэнах тавары, вырабленыя з яе дапамогаю.

«Суседзі гэтую электраэнергію набываць не будуць», – падсумоўвае Анастасія Дарафеева і нагадвае, што пакуль рэактар не запушчаны, спыніць план пад назвай «Астравецкая АЭС» не позна.

Якое найменш балючае выйсце з сітуацыі вакол АЭС?

«Беларусь атрымлівае пакуль такія досыць слабыя сігналы – пакуль што – аб тым, што калі яна адмовіцца ад гэтага праекту, калі павернецца разам з Еўропай у бок узнаўляльнай энергіі, можа атрымаць дапамогу», – выказалася Анастасія Дарафеева

Акрамя таго, госця праграмы нагадала праблемы з бяспекай будучай АЭС. Рэкамендацыі не выконваюцца, а магчымасць грамадскага кантролю фактычна адсутнічае.

Пра іншыя выклікі, звязаныя з будаўніцтвам Астравецкай АЭС, вы даведаецеся з «Размовы» Віталя Цыганкова з экаактывісткаю Анастасіяй Дарафеевай.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.
А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.