Гарачы каментар Беларусь ідзе ў NATO?


Лукашэнка стаміўся ад Расеі, а таму шукае новых сяброў… у ЗША. Расейскае выданне «Лента.ру» сцвярджае неверагоднае – нібы афіцыйны Менск прапанаваў Вашынгтону правесці на тэрыторыі Беларусі вучэнні NATO і размясціць у краіне амерыканскіх адмыслоўцаў для даследавання сацыяльных сетак і кантролю над Інтэрнэтам. Інфармацыйная качка ці доля праўды? Тлумачыць прадстаўніца экспертнай супольнасці «Наше мнение» Валерыя Касцюгова:

«Дзве мэты. Першая – гэта падстрахоўка ў стылі «зялёнага вінаграду». Мы настройваемся на магчымую няўдачу, настройваем аўдыторыю на магчымую няўдачу, а калі яна здараецца – ужо не настолькі крыўдна. Людзі гэта часта выкарыстоўваюць у жыцці, а ў палітыцы гэта выкарыстоўваецца вельмі часта. А другая мэта – таксама абсалютна палітычная. Троху пашантажаваць, троху прыдушыць, троху паказаць, што мы незадаволеныя».

Больш падрабязна размаўляем з кіраўніком аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім:

«Няма дыму без агню. У тым сэнсе, што беларускае кіраўніцтва вельмі дэманстратыўна паказала, што на Маскве свет клінам не сыходзіцца. Пасля снежаньскага ўльтыматуму Мядзведзева беларускае кіраўніцтва стала паказваць, што ёсць магчымасць умацоўваць дачыненні з Захадам, з ЗША. І ў мінулым месяцы быў такі зліў, што маўляў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей некалькі разоў тэлефанаваў у Вашынгтон у дзярждэпартамент. А для Масквы гэта як чырвоная ануча для быка. І Макей казаў не пра нейкія сенсацыйныя рэчы, а пра тое, што даўно наспела: што Менск нарэшце дазваляе амерыканцам аднавіць ранейшую колькасць дыпламатаў у амбасадзе, якая была рэзка зменшаная пасля вялікай дыпламатычнай вайны яшчэ ў 2008 годзе. […] Я б сказаў, што гэта праява вялацякучай інфармацыйнае вайны паміж Менскам і Масквою. Паўнамаштабнае вайны няма, але пакусваюць Лукашэнку…»

belsat.eu

Фота: REUTERS / Jim Young, Doug Mills, Vasily Fedosenko / FORUM

Глядзі таксама
Каментары