БелАЭС можа стаць даражэйшай на $ 5 млрд


Што рабіць з адпрацаваным ядравым палівам? Пытанне, на якое трэба было шукаць адказы яшчэ да будаўніцтва атамнай станцыі. Адказы шукаюць сёння.

У дакладзе разгледзелі тры сцэнары абыходжання з адпрацаваным палівам БелАЭС. Усе яны прадугледжваюць яго захаванне на беларускай тэрыторыі. Першыя два – накіруюць адпрацаванае паліва ў Расею на перапрацоўванне, каб пасля вярнуць нам высокаактыўныя адкіды. Гэта – найдаражэйшы варыянт. Настасся Дарафеева, партыя «Зялёныя»:

«Гэта выгадна толькі таму боку, які апрацоўвае і дастае адтуль некаторыя элементы, якія потым могуць быць выкарыстаныя, у першую чаргу, у ваеннай прамысловасці. Для Беларусі вяртанне адкідаў – эканамічна немэтазгоднае і рызыкоўнае».

Канчатковае рашэнне будуць прымаць з улікам існай эканамічнай ды палітычнай сітуацыі. Лілія Дулінец, Міністэрства энергетыкі РБ:

«Па-першае, мы нікуды не спазніліся. Гэта сусветная практыка. Другі момант: у пагадненні аб будаўніцтве ў нас ёсць гэтая норма аб адпраўцы паліва ў Расейскую Федэрацыю».

Толькі гэтае пагадненне прадугледжвае дадатковае міжурадавае пагадненне, якога дагэтуль не падпісалі. Аляксандр Парфёнаў, інжынер бяспекі і надзейнасці АЭС:

«Для пазбягання рызык, звязаных з развіццём расейскіх магутнасцяў у перапрацоўцы, гэта таксама трэба ўлічваць, палітычных рызык, рызыка не дамовіцца аб кошце трэба прадугледзець. Гэта нам паказала тэхніка-эканамічнае даследаванне супольна з расейскімі калегамі. Трэба прадугледзець магчымасць пераўвасаблення назапашвальнай пляцоўкі ў сухое захоўванне адпрацаванага ядравага паліва».

Пляцоўкі, дзе б захоўвалася адпрацаванае паліва не тое што няма – месца пад яе не абранае. Як няма і самой стратэгіі, экалагічную ацэнку якой сёння разглядалі. На пытанне, колькі будзе каштаваць перапрацоўванне ў Расеі, прадстаўнікі АЭС адказалі, што гэта «камерцыйная тайна». Арцём Быстрык, «Зялёная сетка»:

«Мяне гэта ўвогуле шакуе, калі кажуць «камерцыйная тайна». Добра, мы ведаем, калі агульны кошт 10 млрд, а калі акажацца, што з транспартаваннем і перапрацоўкаю гэта будзе 15 млрд».

Трэці варыянт прадугледжвае працяглае захоўванне адкідаў з наступным захаваннем на тэрыторыі Беларусі, але не разглядаецца як перспектыўны. А вось варыянт гэтак званай «нулявой альтэрнатывы» зусім адсутнічае. Мікалай Уласевіч, кампанія «Астравецкая атамная – гэта злачынства»:

«Калі не запрацуе атамная станцыя, то, значыць, ніякіх адкідаў не будзе. І адназначна ніякай праблемы не будзе. Я на гэтай прапанове настойваў і лічу, што без аналізу ў гэтым дакладзе гэтай сітуацыі гэты даклад не поўны».

На найбольш трывожныя пытанні сёння адказаў не прагучала, арганізатары сходу паабяцалі адгукнуцца за 10-дзённы тэрмін. Шкада, што не ўдакладнілі – якім чынам і дзе можна пабачыць тыя адказы.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Арцём Быстрык, сябра таварыства «Зялёная сетка», каментуе:

«Дзіўна тое, што станцыя ўжо пабудаваная, і мы толькі чакаем увозу паліва на тэрыторыю рэспублікі, а мы толькі цяпер абмяркоўваем, як з гэтымі адходамі быць: ці адвозіць у Расею, ці захоўваць у Беларусі. Дзе гэта рабіць? Няма ні палігону, ні нават праекту. Вельмі прыгожая была прэзентацыя, вельмі яскравыя выступы ад прадстаўнікоў улад і БелАЭС. Але калі грамадскасць пачала задаваць пытанні нязручныя, то на шмат якія проста не было адказу. Былі адказы «дзякуй за ўвагу», «мы адкажам пісьмова…»

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM