Бацька Яўгена Патаповіча: «Версія пра суіцыд – каб заблытаць людзей, якія гэта зрабілі»


Працягваем сачыць за справай смерці магілёўскага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Адмыслова для нашага тэлеканалу бацькі лейтэнанта распавялі пра свае сумневы ў афіцыйнай версіі пра самагубства, а таксама жаданне эксгумацыі цела сына. Відэа з інтэрв’ю бацькі Яўгенія Патаповіча паглядзелі тысячы чалавек, размову перадрукавалі галоўныя незалежныя выданні.

Справу каментуюць у сеціве. Адзін з каментатараў на YouTube-канале «Белсату» піша:

«Ніхто ж не паверыў у самазабойства, усім відавочна, што проста спісалі гэтую справу, а народ – рабы ў Беларусі, усё стрываюць. Пройдзе час – і ніхто не згадае».

Пра сумневы гавораць і іншыя каментатары. Большасць апытаных намі мінакоў у Магілёве таксама не верылі ў версію следства пра суіцыд. Яшчэ адзін з каментатараў дадае:

«Адно з двух: ці яго свае ж замачылі (штосьці не падзялілі), ці людзі з расейскімі нумарамі. Тры дні шукалі і вырашылі выдумаць дэбільную версію пра самазабойства. Падобна да выпадку з выбухам у метро ў 2011 годзе. Але народ, на жаль, чарговы раз праглыне».

А вось ужо на нашай інтэрнэт-старонцы Belsat.eu спадар Сяргей Лузгін піша пра асабістую справу:

«Нічога дзіўнага. Мой сын загінуў на працы ў МНС. Яму было 26. Хуценька адхрысціліся, і толькі прыгожае пахаванне. Ненавіджу пачвараў».

Нашая карэспандэнтка Аліна Скрабунова распавяла пра атмасферу ў Магілёве. У размове з «Белсатам» Уладзімір Патаповіч, бацька загінулага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча, распавядае пра псіхалагічны стан свайго сына напярэдадні трагедыі:

«Тыдні 2 таму быў у нармальным настроі, была нармальная размова, расказаў мне, што жыве з дзяўчынай, быў у гасцях у яе родных, пазнаёміўся, усё добра. Мінімум раз на тыдзень мы размаўлялі па тэлефоне аб працы, аб жыцці, аб тым, што ў яго адбываецца ўнутры. Спачатку была адна версія, пасля пахавання – другая. Я спачатку думаў, што гэта каб заблытаць людзей, якія гэта зрабілі. Але бачу, што іх кропка погляду не змяняецца, таму звярнуўся да вас, каб знайсці ісціну. Хачу, каб адбылася эксгумацыя цела майго сына, каб расставіць усе кропкі над і – быў суіцыд ці не быў? Ці былі пашкоджанні ў ніжняй частцы цела?»

Былы следчы Алег Волчак, «Прававая дапамогва насельніцтву», распавёў, якія павінныя быць наступныя крокі бацькоў. Праваабаронца і юрыст Гары Паганяйла каментуе «Белсату», як з юрыдычнага пункту гледжання выглядае працэдура, калі сямʼя хоча правесці эксгумацыю цела:

«Калі бацькі хочуць, яны могуць запрасіць на гэтую працэдуру адваката, і адвакат усё ім аформіць. Трэба толькі хадайніцтва. І ўсё. Хадайніцтва перад следствам або пракурорам, які назірае за расследаваннем гэтай справы. І гэта будзе вырашацца ў працэсуальным парадку. Заяўляецца хадайніцтва, абгрунтоўваецца, накіроўваецца следчаму або пракурору. Калі яны адмаўляюць у задавальненні хадайніцтва, то гэтае рашэнне можна абскарджваць».

Бацькі Яўгена Патаповіча не вераць у версію аб самагубстве і патрабуюць эксгумацыі. Як гэта каментуюць жыхары Магілёва?

belsat.eu

Гарачы каментар
Бацька Яўгенія Патаповіча патрабуе эксгумацыі цела сына і просіць аб дапамозе
2019.05.28 22:48