БАТЭ прайшоў «Сараева» і спадзяецца рэваншу з «Астаною»


Барысаўскі БАТЭ і салігорскі «Шахцёр» – менавіта гэтыя два беларускія клубы дакрочылі да трэцяга раўнду кваліфікацыі футбольнай Лігі Еўропы.

У першым матчы гарнякоў на выездзе адправіў у накаўт італьянскі «Тарына» – 5:0. БАТЭ ж у сваю чаргу ў гасцявой сустрэчы здолеў зрабіць невялікі задзел і з лікам 2:1 перамог баснійскі клуб «Сараева». Як для агульнай перамогі трэба згуляць на сваім полі, ведае, мабыць, не толькі трэнерскі штаб барысаўцаў, а, безумоўна, і заўзятары клубу.

Стартавыя нулі на табло стадыёну ў Барысаве пасля двух таймаў так і працягвалі засмучаць заўзятараў, але хіба толькі на невялічкі час. Бо ў выніку ў двухраўндавай дуэлі БАТЭ за кошт перамогі ў гасцях над баснійскім клубам «Сараева» 2:1 дакрочыў да стадыі плэй-оф другога паводле значнасці клубнага турніру Старога Свету – Лігі Еўропы.

Аляксей Бага, галоўны трэнер ФК БАТЭ:

«У нас быў добры вынік у Босніі, безумоўна, ён даваў нам псіхалагічную перавагу. Мы павінны разумець, з кім мы гулялі, яны рызыкавалі да канца, выйшаў на поле Ахметавіч, які тыдзень таму нават не трэнаваўся».

Першая палова сустрэчы не была багатая на галявыя моманты, аднак каманды абмяняліся некалькімі небяспечнымі атакамі. Было відаць, што БАТЭ трымае ў галаве лік мінулай сустрэчы, а госці мелі вялікае жаданне хутчэй забіць хоць адзін мяч, аднак у выніку не атрымалася.

Паводле нашага паўабаронцы Яўгена Бярозкіна, супернік іх нічым не здзівіў, а заданне мінімум яны выканалі. БАТЭ яшчэ ў першым тайме некалькі разоў меў выдатныя шанцы забіць, аднак адразу са штрафнога наўпроставы ўдар нашага капітана Ігара Стасевіча блакаваў абаронца гасцей. А затым ужо пасля навесу таго ж Стасевіча і скідкі Драгуна па мячы ўмудрыўся прамазаць камерунскі легіянер Эрвэн Мукам.

«Звычайная гульня, маглі забіць і мы, і яны, самае галоўнае, што здолелі згуляць на нуль, вельмі задаволены, што прайшлі далей», – кажа Захар Волкаў, паўабаронца ФК БАТЭ.

Пасля антракту каманды па чарзе працягвалі валодаць ініцыятываю, а вось бліжэй фіналу «Сараева» паспрабавала ўчыніць сапраўдны штурм нашай брамы, аднак у выніку яна засталася сухою.

«Мы дасканала ведалі, як яны будуць гуляць: высокія нападнікі, доўгія навесы з флангаў. Мы былі да гэтага падрыхтаваныя, а пацверджанне гэтаму – нашая сухая брама», – гаворыць Станіслаў Драгун, паўабаронца ФК БАТЭ.

БАТЭ засталося зрабіць адзін крок да групавой стадыі Лігі Еўропы. Ужо на наступным тыдні, 22 жніўня, Аляксей Бага і кампанія ў гасцях згуляюць першы матч плэй-оф супраць «Астаны», 29-га – двубой у адказ на «Барысаў-Арэне». Менавіта гэты клуб з Казахстану ў 2016 годзе не пусціў БАТЭ ў еўрапейскую восень – самы час «жоўта-сінім» узяць рэванш.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu