Барыс Гарэцкі: Галоўныя мэсэджы расейскай прапаганды гучаць за беларускія грошы


Галоўная тэма гэтага тыдня – інтэграцыйныя дамовы і пагрозу незалежнасці Беларусі з боку Расеі. Усё большую ўвагу гэтай тэме надае не толькі «Белсат», але і іншыя медыі, як беларускія, гэтак і расейскія.

Паказальна, што калі дагэтуль асноўным пытаннем на расейскіх прапагандысцкіх шоу было «Чё там у хохлов?», то зараз усё часцей прыгадваюць Беларусь. «Бульбашамі» пакуль не называюць, але акрамя мантраў пра адзіны рускі народ гучаць і папрокі ў нахлебніцтве беларусаў, і страшылкі пра бульбабандэраўцаў і ліцвінаў.

Пра гэта гаворым з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім:

«Калі аналізаваць медыясітуацыю, то можна заўважыць некалькі чыннікаў. Найперш праз медыі грамадства так і не даведалася сапраўдны тэкст гэтых пагадненняў, якія нібыта мусяць быць падпісаныя. Таму можна казаць пра пэўнае замоўчванне гэтай сітуацыі. Пры гэтым мы кажам не толькі пра недзяржаўныя выданні, якія яшчэ больш-менш актывізуюцца, больш-менш кажуць пра тыя ці іншыя з’явы і небяспекі. То ў дзяржаўнай прэсе фактычна мы не бачым і не чуем абсалютна нічога, ніякіх такіх паведамленняў, якія маглі б сведчыць пра тое, што адбудзецца важная зʼява. Проста на пэўным узроўні было прынятае рашэнне не ўзбуджаць грамадскі інтарэс, магчыма, грамадскі пратэст, таму дзяржаўныя медыі пакуль што ігнаруюць гэтую тэму… […]

…А другая асаблівасць, пра якую мы кажам не першы год. Акурат скончыўся наш традыцыйны БАЖаўскі маніторынг расейскай прапаганды ў беларускіх медыях. Звычайна на некалькі месяцаў у год мы маніторым, наколькі прарасейскія паведамленні гучаць у беларускіх медыях. Дык вось, мусім адзначыць, што гэтыя мэсэнджы гучаць найперш з беларускай прэсы. Найперш прарасейскія сцэнары, каментары, думкі, можа, камусьці здавалася, гучаць з вуснаў Салаўёва ці яшчэ нейкіх крамлёўскіх прапагандыстаў. Але паводле нашага маніторынгу галоўныя мэсэджы расейскай прапаганды гучаць на беларускім тэлебачанні за нашыя з вамі беларускія грошы беларускіх падаткаплатнікаў…»

Працяг – у відэа.

Таксама мы запыталі на вуліцах Гомля, ці не асцерагаюцца яны таго, што Беларусь можа страціць незалежнасць?

Адказы – вашай увазе ў відэа.

Валеры Руселік belsat.eu