Бартосік: Рэгулярна выступаю ў школах, а ідэолаг кажа пра непажаданыя месцы


Беларускі бард пракаментаваў забарону свайго выступу на адкрыцці мемарыяльнага знаку ў гонар Магдалены Радзівіл.

Відаць, нездарма «культура» рыфмуецца з… «цэнзурай». Рыфма, вядома ж, крываватая, але з цэнзурай інакш і не бывае. У Асіповічах мясцовыя чыноўнікі назвалі непажаданымі гасцьмі на адкрыцці мемарыяльнага знаку ў гонар Магдалены Радзівіл вядомых бардаў і паэтаў Змітра Бартосіка, Эдуарда Акуліна і Леаніда Дранько-Майсюка.

Як бы здзівілася і, напэўна, раззлавалася славутая мецэнатка беларускай культуры, калі б пачула тлумачэнні асіповіцкіх ідэолагаў! Маўляў, пералічаныя асобы выступаюць не на тых пляцоўках, пра якія асабіста ведаюць гэтыя самыя ідэолагі. І ўвогуле, запрашаць на падобныя мерапрыемствы раённага ўзроўню нібыта можа толькі райвыканкам, а не нейкія прыватныя асобы, якія і самыя запрошаныя на мерапрыемства! У «Гарачым каментары» – Зміцер Бартосік.

«Я не магу забрацца ў мазгі гэтай начальніцы. Яна сфармулявала, што мы выступаем у непажаданых месцах. Пардон, я летам выступаў дзяржаўных дзіцячых аздараўленчых лагерах. Я рэгулярна выступаю ў школах, знаёмлю дзяцей з беларускай аўтарскай песняй, раблю міні-лекцыі паэзіі Барадуліна. Тое ж самае робяць мае калегі. Я не разумею, якія менавіта непажаданыя месцы яна мае на ўвазе», – адзначыў бард.

Радам з тым ён адзначыў, што не стаў бы «мазаць адной фарбай» ідэалагічных працаўнікоў у Беларусі.

«Яны людзі ўсё ж такі паднявольныя і залежаць ад вышэйшага начальства. Таму што ў той жа самай Беларусі ў той жа самы час у іншым раёне, нават суседнім, на гэтай пасадзе можа быць абсалютна адэкватны, беларусацэнтрычны, патрыятычны чалавек», – заявіў Зміцер Бартосік.