Бандарэнка: Прапановы спыніць падтрымку беларускіх праектаў – праца спецслужбаў Расеі


І праца тых медыяў, якія сёння працуюць у Беларусі і працуюць на Беларусь з замежжа, знаходзіцца пад пагрозай. Таму што скарачаецца дапамога. А калі гэтага не будзе, то будзе не 50 % беларусаў падтрымліваюць розныя расейскія агрэсіўныя праекты, а можа 70 %. І тады розніцы паміж Беларуссю і, напрыклад, Калінінградскай вобласцю, не будзе.

«Белсат»: Калі ідзе скарачэнне падтрымання беларускіх праектаў Захадам, у тым ліку медыйных, чаму яно адбываецца? Ці беларусы сябе нейкім чынам дыскрэдытавалі? Тут згадваецца, хай не медыйны праект, але ЕГУ, кампанія «Гавары праўду» і г.д.Зміцер Бандарэнка: Ёсць такое паняцце «інфармацыйная бяспека», і ёсць такое паняцце «гібрыдная вайна», дзе інфармацыйны складнік гэтай вайны вельмі моцны. Мая версія, што Расея задзейнічае розныя свае рычагі, каб уплываць на заходніх палітыкаў, каб скараціць дапамогу незалежным медыям Беларусі ў тым ліку. Я ведаю, што беларускія ўлады таксама дзейнічаюць у гэтым кірунку. «Гавары праўду» я б вынес асобна, бо на маю думку, гэта абсалютна гэбэшны праект, і спадар Някляеў пра гэта казаў. Гэта акурат быў адзін з варыянтаў, калі ствараюцца псеўдапраекты, а потым кажуць: «О! Глядзіце, яны ж такія неахайныя!» Гэта было відавочна адразу, што гэта быў праект уладаў. Магчыма, яны таксама мелі і заходнія грошы. Гэта такія тэхналогіі беларускіх спецслужбаў і расейскіх.«Белсат»: Ёсць крамлёўскі медыяпраект «Спутник», які займаецца «скупляннем» дастаткова вядомых людзей, аўтараў. Наколькі такая зʼява пагрозлівая?Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка зʼяўляецца часткай Саюзнай дзяржавы, то

расейцы зразумелі, што ён прагульвае інфармацыйную вайну сваім незалежным медыям, і таму яго трэба падмацаваць вось такімі праектамі як «Спутник».

Ведаю, кіраўніка гэтага праекту Андрэя Качуру, ён працаваў на «РТР». Гэта цікавы чалавек, прафесіянал, але ён былы афіцэр КДБ.«Белсат»: Разам з гэтым на «Спутнику» працуюць сапраўды цікавыя людзі, у тым ліку і такія, якія адзначыліся ў незалежніцкім беларускім руху. Ці можа быць сітуацыя, што гэтыя людзі, працуючы на «Спутник», заробяць для яго пэўны крэдыт даверу, пэўную аўдыторыю, а ў патрэбны для Крамля «час пік» проста будуць замененыя крамлёўскімі тролямі, і такім чынам расейская прапаганда шматкроць узмоцніцца?Зміцер Бандарэнка: «Lifenews», «Спутник», «Russia Today» – фактычна праекты Мінабароны Расеі. І трэба так да іх ставіцца.«Белсат»: Захад не мае ружовых акуляраў наконт агрэсіўнасці Расеі. Чаму тады Захад у інфармацыйным полі па сутнасці здае, хаця б часткова, Беларусь? І навошта?Зміцер Бандарэнка: Вось гэта абсалютна нелагічная рэч. Бо было спадзяванне, што зразумеўшы, што такое гібрыдная вайна і ейны інфармацыйны складнік, павялічыцца фінансаванне незалежных медыяў і ў Беларусі, створацца новыя расейскія дэмакратычныя медыі. У тым ліку медыі, якія будуць працаваць на Крым, на Данбас. Але мы атрымалі іншае: пайшлі пагалоскі, што трэба зачыніць «Белсат», таму што ён па-беларуску, а большасць беларусаў у жыцці карыстаюцца расейскай мовай. Што трэба спыніць падтрымку «Хартыі», іншыя праекты, у тым ліку адукацыйныя. І вось гэта дзіўная рэч.

Каб супрацьстаяць расейскай пуцінскай прапагандзе – трэба зачыніць беларускія незалежныя СМІ. Ці скараціць ім падтрымку. Таму я вяртаюся да сваёй першай думкі: гэта працуюць расейскія спецслужбы. Працуюць вельмі ўдала. І потым калісьці мы даведаемся, хто быў абʼектам ціску ці подкупу сярод заходніх палітыкаў, сярод заходніх экспертаў.

«Белсат»: Тое, што Крэмль пераважае на інфармацыйным полі Беларусі, прызнаюць нават улады нашай краіны. Яны неяк нясмела гавораць, што таксама будуць нешта рабіць. Ці не запозна яны прачнуліся і ці прачнуліся?Зміцер Бандарэнка: Гэта адзіная каманда. Можа Лукашэнка хацеў бы нешта змяніць, але расейцы дзейнічаюць сістэмна, укладваюць велізарныя рэсурсы, скупляюць лепшых журналістаў. А тое, што Лукашэнка згубіў папулярнасць у Беларусі, тут шэраг фактараў. І праца незалежных СМІ, і ягоная праца па сістэматычным падмане беларускага народу, і безумоўна гэта бязглуздае стаўленне да расейскай прапаганды.

Але мы – еўрапейцы, беларускія патрыёты – павінныя гэтаму супрацьстаяць, адстойваць свае інтарэсы, тлумачыць нашым заходнім партнёрам, нашым калегам журналістам пра небяспеку такой сітуацыі. Таму што заходнім бюракратам, вядома, пляваць на бяспеку беларусаў, але калі Беларусь стане вобласцю Расеі, гэта небяспека для ўсіх. І для Польшчы, і для NATO.

Небяспека будзе на іншым узроўні.