Бандарэнка: Канапацкая будзе шукаць крэдыты для Лукашэнкі, Анісім – кандыдат-вышыванка


Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» пракаментаваў вынікі выбараў.

У «Гарачым каментары» Зміцер Бандарэнка выказаўся наконт таго, ці можа быць прызначэнне апазіцыянераў у парламент сігналам Захаду:

«Мне здаецца, што такім сігналам, што беларускія ўлады гатовыя хаця б на эканамічныя рэформы, было б прызначэнне памочніка Лукашэнкі Рудага на пост віцэ-прэмʼера. Тады б Захад паверыў, што Лукашэнка хоча зрабіць нейкія рэформы. А калі гэтага чалавека даслалі ў ссылку ў Кітай, то для Захада абсалютна зразумела, што працягваецца вечная песня «дайце грошы» і няма нічога новага».

Таксама палітык паспрабаваў спрагназаваць, ці магчымыя ў Беларусі рэпрэсіі:

«Паспрабуюць вось гэтых прызначэнцаў павазіць па Еўропе, потым Лукашэнка пачне да іх раўнаваць, саджаць кагосьці ў турмы, з тых, хто будзе вельмі на Захад глядзець. Такая будзе гульня. Не веру, што магчымыя рэпрэсіі, таму што з эканомікай вельмі вялікія праблемы. ВУП не расце ўжо фактычна сёмы год запар. У гэтай сітуацыі рэпрэсіі – проста неразумна».

Што тычацца пераможцаў у выбарах, то да іх можна залічыць апазіцыю, якая мысліць стратэгічна, заявіў Зміцер Бандарэнка.

«Гэтая кампанія была «вымотванне суперніка». Уявіце сабе гэтых настаўнікаў, у якіх скараціліся заробкі. Яны вымушаныя былі заганяць людзей, у якіх таксама скараціліся заробкі. То бок гэтая кампанія вымотвала ўлады. Ну наяўнасць умоўных Абрамавай, Навасяда мы праходзілі, тут ніякіх зменаў насамрэч не адбылося.

Па Канапацкай я ўжо выказваўся: чалавека ўзялі для таго, каб ён шукаў крэдыты для Лукашэнкі. Пра гэта абвесцілі на першай прэс-канферэнцыі. Анісім, на мой погляд, не ведаю гэтую жанчыну, але тэхналагічна гэта такая вышыванка. Вышыванка будзе ў палатцы, для праформы. Павінныя быць не толькі камуністы, а адзін кандыдат-вышыванка.

А для беларускага народу, безумоўна, гэта выйгрыш. Таму што не ўдалося Лукашэнку загнаць людзей на выбарчыя ўчасткі. А праўдзівымі героямі выбараў сталі Віктар Малочка з АГП, Вольга Маёрава, якія кажуць, што трэба быць сумленнымі, не трэба быць апазіцыянерамі-махлярамі. І журналіст Ягор Марціновіч, які «выкраў» праўду на акрузе N 97», – адзначыў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі».