Аўтар эталону гербу Пагоня спачывае тут

Эталон гербу Пагоня стварыў мастак Яўген Кулік. Спачывае ён на Кальварыйскіх могілках у Менску. Кім ён быў? Што гэта за нязвыклае месца, дзе ён знайшоў вечны спачын?

Кальварыйскія могілкі – самыя старыя ацалелыя клады Менску. Сёння гэта цэнтр гораду. І адно гэта выклікае пытанні. Напрыклад, чаму іх пашкадавалі камуністычныя перабудоўнікі сталіцы?

Савецкі чалавек не пераймаўся гістарычным ці сакральным, асабліва калі гэта датычыла нерасейскай гісторыі да 1917 года. Прыклад – могілкі Росы ў Вільні, праз якія, быццам на злосць, праклалі дарогу. Доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча такі падыход абурае.

«Могілкі – люстэрка гісторыі і паказчык цывілізаванасці краіны. – тлумачыць Аляксандр Краўцэвіч. – Беларусь не можа гэтым пахваліцца, бо камуністы бурылі беларускія гістарычныя могілкі. Адно з нямногіх выключэнняў – Кальварыйскія могілкі ў Менску, люстэрка не толькі менскай, але і ўсёй беларускай гісторыі апошніх двух стагоддзяў».

Пачыналіся Кальварыйскія могілкі як каталіцкія канфесійныя, але ўсё змянілася ў ХХ ст. У гады Першай сусветнай вайны тут з’явілася Аўстрыяцкая горка – месца пахавання жаўнераў аўстра-венгерскага войска, пазней – магілы ахвяраў НКВД і нацыстаў, пахаванні салдат Чырвонай Арміі, нарэшце, звычайных менчукоў незалежна ад веравызнання. А вось каго тут не хавалі, дык гэта камуністычных бонзаў, чыноўнікаў высокага рангу.

Асаблівае значэнне менскай Кальварыі надае не старажытнасць сама па сабе, і не ўнікальная брама, падобныя да якой ёсць толькі ў краінах былой Рымскай імперыі, а пахаванні пакаленняў беларускіх дзеячаў: мастакоў, пісьменнікаў, мысляроў, палітыкаў і навукоўцаў. У выніку сёння мы маем своеасаблівы беларускі пантэон.

«Для мяне гэта квінтэсенцыя Беларушчыны, бо тут пахаваныя выбітныя нашыя літаратары, мастакі, дзеячы беларускага руху, ну, і ўрэшце, мае сваякі», – кажа мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Кожны з пахаваных на Кальварыйскіх могілках беларускіх дзеячаў заслугоўвае асобнай праграмы, і не адной. У гэтым выданні згаданыя трое: Ян Баляслаў Луцкевіч (1831–1895), Вацлаў Іваноўскі (1880–1943) і Яўген Кулік (1937–2002).

Ян Баляслаў Луцкевіч – паўстанец 1863 года, бацька Івана (Яна) і Антона Луцкевічаў – ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху.

Вацлаў Іваноўскі – грамадскі і палітычны дзеяч. Адзін ягоны брат – Юрый (Ежы) – лічыў сябе палякам і зрабіўся польскім палітыкам, а другі – Тадэвуш (Тадас) – лічыў сябе літоўцам і зрабіўся літоўскім навукоўцам. Вацлаў жа ў гады Другой сусветнай вайны загінуў ад кулі чырвонага партызана, калі быў бурмістрам Менску.

Яўген Кулік – мастак, аўтар эталону герба «Пагоня».

Аляксандр Краўцэвіч пакажа цікавыя помнікі, раскажа гісторыю менскай Кальварыі і пашукае адказы на пытанні, як ацалелі гэтыя клады і чаму тут няма магілаў савецкіх функцыянераў. Ён таксама пагаворыць з ксяндзом Андрэем Сіповічам, пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Менску. Варта адзначыць, што тутэйшы касцёл, закрыты ў сталінскія часы, зноўку дзейнічае з 1980 года, то бок быў паўторна адчынены яшчэ пры савецкай уладзе.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?

Навошта і як збудавалі Аўгустоўскі канал

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.