Атачэнне Лукашэнкі адмывае грошы праз Літву? Расследаванне


У супрацы з літоўскім парталам расследаванняў «Siena» і пры падтрыманні Міжнароднага цэнтру ў справе выяўлення карупцыі і арганізаванай злачыннасці каманда «Давайце разбірацца» выявіла, як праз замежныя афшоры адмываюцца звышдаходы набліжаных колаў.

Аляксандр Лукашэнка не першы год дэлегуе чыноўнікаў у вялікі бізнес, звязаны ў тым ліку з галіною перапрацоўвання нафты. У самы час сёлетніх пратэстаў дастаўцам нафтавых кампаніяў пачалі прыходзіць лісты з подпісам Аляксея Алексіна. У лістах была інфармацыя, што ў дадатак да «Белнафтахіму» ды «Белзамежгандлю» ім прапануюць прадаваць нафту для перапрацоўвання і прыватнай Новай нафтавай кампаніі. Дык хто ж такі Аляксей Алексін, новы гаманец Лукашэнкі?

«Аляксей Алексін у свой час працаваў у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта, там ёсць кампанія, якая пастаўляла нафтапрадукты за мяжу, ён курыраваў кірунак. […] Ён быў блізкі з Юрыем Чыжом – чалавекам, які ўваходзіў у асяроддзе прэзідэнта. Юрый Чыж у свой час бульбу разам з прэзідэнтам збіраў у яго на градках у адной з рэзідэнцыяў. Але потым яго арыштавалі, і ён сышоў у цень. Але тым не менш Алексін бесперашкодна развівае ў краіне бізнес. Думаю, што засталіся сувязі з дзяржаўнымі структурамі, і гэта дапамагае яму спакойна развіваць бізнес у краіне», – дзеліцца меркаваннем эканамічны аглядальнік Аляксандр Ярашэвіч.

Структура, у якой Аляксей Алексін, паводле паведамленняў у СМІ, гандляваў нафтапрадуктамі, – гэта «Белзнешгандальінвест». Беспасярэдне адтуль Алексін ачоліў нафтавы кірунак холдынгу «Трайпл» Юрыя Чыжа – кампанію «Трайплэнерга». Аднак вядомасць сярод звычайных грамадзянаў Алексін атрымаў дзякуючы надзвычайным прывілеям ад дзяржавы ў галіне тытуню. І ў прыватнасці для «Табакерак» – першых і адзіных прыватных шапікаў, якім улады дазволілі з’явіцца на вуліцах беларускіх гарадоў за апошнія 20 гадоў.

Расследaванні
Як бізнес пры Лукашэнку абыходзіць санкцыі. Расследаванне «Белсату»
2020.10.01 20:30

У 2012 годзе Алексін заснаваў у Літве кампанію «Lexie Ventures», юрыдычны адрас якой быў у закінутым будынку. У верасні 2013 года алексінаўская «Lexie Ventures» набыла кватэру ў іншым раёне, побач з літоўскаю фінансаваю паліцыяй. Праз два месяцы там рэгіструецца кампанія «Paralama». Цягам двух наступных гадоў праз гэтую фірму праходзіць € 46 мільёнаў, пры тым што яна не мае ніводнага работніка. Затым у фірмы рэзка спыняюцца трансакцыі, яна ліквідуецца.

«У чым асаблівасць беларускага бізнесу? Безумоўна, ёсць такія прыклады, калі хтосьці зліваецца з уладай у шырокім сэнсе гэтага слова. Раней гэта называлі дахам, калі ў 1990-ыя лічыўся бандыцкі дах, меліся на ўвазе сілавыя дахі, прычым розных органаў. У кагосьці быў дах у КДБ, у кагосьці – у МУС, у кагосьці – у пракуратуры. Але асаблівасць нашай краіны ў тым, што ў нас адзіны надзейны дах – гэта кіраўнік краіны», – тлумачыць Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія».

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Хто яшчэ з атачэння сям’і Лукашэнкі карыстаецца афшорнымі паслугамі літоўскай кампаніі «Lewben»?
  • Навошта беларускія кампаніі змагаліся за дазвол здабываць золата ў Судане?
  • Арабскія Эміраты не толькі месца адпачынку Лукашэнкі, але і вываду грошай?

Belsat.eu