Астрыд Ліндгрэн, «Сааб» ды флорбол… Швецыя ў гасцях у Менску


Весела, густоўна і – па-беларуску! Дзень Швецыі, які ладзіўся ў суботу ў сталічным Верхнім горадзе, сабраў вялізную колькасць менчукоў, каб прапанаваць абсалютна кожнаму нешта цікавае. Гледачы мералі рыштунак вікінгаў, гулялі ў флорбол, каштавалі стравы шведскай кухні, знаёміліся з адукацыйнымі праграмамі і стыпендыямі, якія Швецыя прапаноўвае беларусам.

Як зазначыла прадстаўніца амбасады Швецыі ў Беларусі Наталля Века, дня шведскай культуры такога размаху ў нашай краіне яшчэ не было:

«Гэта першы такі вялізны праект, першае такое маштабнае, грандыёзнае мерапрыемства, і мэта яго – паказаць жыхарам Менску і Беларусі, чым цікавая Швецыя для беларусаў».

А шведская літаратура, слынная сваёй дзіцячай палітрай, прыцягвала ўвагу малых менчукоў і была на іх скіраваная – на вуліцах ажывалі вясёлыя і не заўжды паслухмяныя героі Астрыд Ліндгрэн, Эвы Сусы і Свэна Нурдквіста: Піпі Доўгая Панчоха, Мама Му, Снежны чалавек… Тыя, хто яшчэ не ведаў герояў шведскіх казак, змаглі з імі пазнаёміцца на дзіцячай пляцоўцы:

«Мы фанаты Пэтсана, Фіндуса, Мамы Му, Крумкача. Пра гэта больш дакладна мог бы сказаць мой сын, але ён хвалюецца. Мы фанаты Швецыі. Бачыце, у нас шалом вікінга!»

«Мы атрымалі вялікае задавальненне, бо быў і адукацыйны цэнтр, і дзіцячы, і казкі, і вельмі шмат цікавага. Для ўсіх узростаў. І ўсё ўвогуле крута!»

Свята ў Менску зладзіла амбасада Швецыі ў супрацы з Менгарвыканкамам, і гэта толькі пачатак, наперадзе – суботнія дні расейскай, казахскай, літоўскай, фінскай, карэйскай, індыйскай, італьянскай, польскай ды грэцкай культуры.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Вялікае свята фольку на Гомельшчыне прайшло амаль без гледачоў.

Пайшоў з жыцця ксёндз Ян Шуткевіч.

Якім быў Стэнлі Грын? Узгадваюць удзельнікі майстар-класу фатографа.

Алесь Дзянісаў прэзентаваў альбом на вершы Алеся Чобата і не плануе спыняцца.

Вольга Чайчыц, Вольга Гардзейчык, «Белсат»