«Астатнія або здохнуць, або з'едуць адсюль». Каля Менску людзі змагаюцца з чыноўнікамі за чалавечыя ўмовы жыцця


Увосень нашая праграма распавядала пра праблемы вяскоўцаў, дамы якіх стаяць побач з каналізацыйнымі адстойнікамі Менску.

Сёлета тут выдзелілі зямлю яшчэ і для адкідаў Менскага вытворчага гарбарнага аб’яднання. З гэтае нагоды здымачная група «Маю права» наведала грамадскія слуханні.

Слуханні распачаліся з выступу-заявы старшыні Менскага раённага савету дэпутатаў Юліі Бялянкінай.

«Калі без маёй згоды гэта будзе агучана ў сродках масавай інфармацыі, вы будзеце прыцягнуты да крымінальнай… адміністратыўнай адказнасці», – папярэдзіла прысутных Бялянкіна.

Людзі ў залі вельмі негатыўна адрэагавалі на гэткія заявы:

«Што за ваенная таямніца. У нас ракетныя войскі або лайно, выбачайце?»

«Гэта прадстаўнік нашага народу так кажа, а! Гэта нейкі жах!»

Даклад інжынерна-кансалтынгавай кампаніі «Энэка» пра ўплыў новага палігону на тутэйшую экалогію выклікаў у мясцовых шмат пытанняў.

«Можа, не ўсе ведаюць, але гэты дакумент, ОВОС, ацэнка ўздзеяння на асяроддзе, у яго ёсць вельмі важная ўмова правядзення: альтэрнатыўнасць варыянтаў дзейнасці, – казала ў сваім выступе жыхарка Міханавічаў Галіна Шаціла. – Я чытала справаздачу і хачу запытацца: чаму не было акрэслена ніводнай альтэрнатывы, акрамя пазначанай?»

На гэта Алена Сакалоўская, галоўная спецыялістка аддзелу экалогіі «Энэкі», адказала, што «нулявы варыянт – гэта таксама альтэрнатыва». Адказ выклікаў смех прысутных на слуханнях людзей.

Галіна Шаціла таксама запытала ў прысутных чыноўнікаў пра арганізацыю дарожнага руху. Леанід Скобелеў, галоўны інжынер праекту РУП «Белгіправадгас» адказаў, што гэтае пытанне яшчэ не распрацоўвалася:

«Ён усё роўна будзе ажыццяўляцца па дарогах агульнага карыстання».

Жыхары зразумелі, што адказныя за праект асобы вельмі фармальна паставіліся да слуханняў.

«Пункт 4.9, які кажа пра сацыяльна-эканамічны складнік. І ў вас напісана, што ён палепшыцца, – узяў слова Ягор Харытонаў з Лысаўшчыны. – Як гнаявая яма побач з маім домам палепшыць сацыяльна-эканамічнае становішча? – То бок, вы залезеце ў маю кішэню, абясцэніце маю зямлю, мой дом, а ў вас усё палепшыцца».

«Праз тры гады пройдзе новае абмеркаванне новага катлавану для лайна, – пачынае выступ жыхар вёскі Сіняло Альберт Канышкін. – Тут будуць толькі два шэрагі занятыя. Астатнія або здохнуць, або з’едуць адсюль».

Удзельнікаў грамадскага абмеркавання абурыла якасць праведзенага экалагічнага даследавання.

У юрыста ГА «Экадом» Рыгора Фёдарава мы ўдакладнілі, што ж можна цяпер зрабіць людзям, нязгодным з гэткім экадакладам?

«Жыхары заявілі грамадска-экалагічную экспертызу, дакументы замоўнік абяцаў перадаць. Адпаведна, жыхарам трэба знайсці кампетэнтных экспертаў, якія змогуць навукова паспрачацца з той справаздачай аб ОВОС, які трошку не аб’ектыўны, я б так казаў».

Прадстаўнікі гарбарні запэўнілі, што іхны адстойнік невялікі ды не надта пагоршыць мясцовую экалогію. Але жыхары гэтаму не вераць. Яны перадалі нам відэа, як нават на ўжо закансерваваных ставах нешта адбываецца.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Хатняя гаспадыня хоча даказаць, што яна не дармаедка
  • Работнік спрабуе спагнаць з працадаўцы свае грошы
  • Менчукі – пра падман на працы
  • Камунальнікі ігнаруюць скаргі людзей пра дзіравы дах дому

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.